Меню
Старшыня Дубровенскага раённага выканаўчага камітэта
dubrovno_rik@vitobl.by
для деловой переписки
Прыём зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб з 8.00
07.07.2025
Дубровенцы прынялі ўдзел у маладзёжным адукацыйна-патрыятычным лагеры "Курган-2025"
Міжнародная сустрэча ветэранаў, удзельнікаў партызанскага руху Вялікай Айчыннай вайны і нашчадкаў пакалення пераможцаў Беларусі і Расіі адбылася 5 ліпеня на Кургане Дружбы. Традыцыйнае мерапрыемства ў гэтым годзе арганізавана расійскім бокам і прайшло ў некалькі новым фармаце, пры гэтым захаваўшы галоўную ідэю свята.
Ужо ў 66-ы раз на стыку трох межаў — Беларусі, Расіі і Латвіі — брацкія народы, за выключэннем у апошнія гады латышоў, дэманструюць сваё адзінства. Дзякуючы гэтай згуртаванасці 80 гадоў таму ўдалося перамагчы нямецка-фашысцкую агрэсію, а сёння захаваць гістарычную памяць пра подзвіг савецкага народа, нягледзячы на ўсе спробы захаду перавярнуць былыя факты на неанацысцкі лад. Таму не дзіўна, што тэма 80-годдзя Вялікай Перамогі прасочвалася на кожнай пляцоўцы сяброўскай сустрэчы. У адзінстве сіла нашых двух народаў, адзначыў старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін:
— Курган Дружбы не толькі кропка на карце. Гэта сімвал, сцяг, які мы абавязаны несці высока наперадзе. Як сказаў Аляксандр Лукашэнка ў Дзень Незалежнасці, нашы дзяды і прадзеды аддалі жыццё і здароўе, каб ачысціць нашу зямлю ад ворагаў, мы не маем права ім здраджваць. Мы павінны быць разам, разам перамагаць. Няхай будуць мір, сяброўства і адзінства!

Таксама разам беларусы і расіяне прыйшлі да адзінага меркавання: ветэраны сыходзяць, настаў час мяняць фармат штогадовай сустрэчы. Ужо ў гэтым годзе асаблівы акцэнт зроблены на падрастаючае пакаленне, паведаміў губернатар Пскоўскай вобласці Міхаіл Вядзернікаў:
— Разам з беларускім бокам мы вырашылі перафарматаваць асноўную частку мерапрыемстваў Кургана Дружбы, адаптаваць яе да сучасных рэалій, прыцягнуць як мага больш моладзі. Праграма для падрастаючага пакалення становіцца ўсё больш разнастайнай. Для нас важна, каб дзеці вывучылі ваенна-патрыятычныя традыцыі нашых краін, не толькі паглыбіліся ў гісторыю Вялікай Айчыннай вайны, але і зблізіліся на сумесных спартыўных, патрыятычных, навуковых ініцыятывах. Курган Дружбы развіваецца, у яго пашыраюцца фармат і геаграфія.
Асноўны маршрут памяці і дружбы народаў нязменны. Пасля цырымоніі братання дэлегацыі Віцебскай і Пскоўскай абласцей прайшлі ў капліцу Сергія Раданежскага, дзе літыяй ушанавалі памяць загінуўшых у гады вайны. Усклалі гірлянды вайсковай славы і кветкі да помніка партызанскай разведчыцы Марыі Пынто на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі, затым да мемарыяла ў гонар камсамольцаў-падпольшчыкаў у беларускай вёсцы Прошкі. Па традыцыі шматгалосным хорам выканалі "Кацюшу". Таксама ўдзельнікі сустрэчы наведалі экспазіцыю пад адкрытым небам "Край Партызанскай славы", інтэрактыўныя пляцоўкі і вогнішча дружбы ў маладзёжным лагеры.
Пераемнасць беларуска-расійскай дружбы скрозь гады і пакаленні дэманструюць удзельнікі маладзёжнага адукацыйна-патрыятычнага лагера "Курган-2025". Сёлета ён аб'яднаў каля 500 удзельнікаў ад дзвюх краін, у тым ліку і Дубровенскага раёна. На працягу некалькіх дзён хлопцы прыдумлялі сумесныя маладзёжныя ініцыятывы, новыя магчымыя фарматы супрацоўніцтва, праводзілі ўрокі мужнасці, інтэлектуальны турнір, ваенна-спартыўныя гульні…

Мерапрыемствы самыя розныя, тэма адна — 80-годдзе Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Таксама разам удзельнікі лагера далучыліся да знамянальнай сустрэчы на Кургане Дружбы.
Марыя Сабалеўская ўжо другі раз прыязджае ў маладзёжны лагер, разам з землякамі і расіянамі ўдзельнічае ў мітынгу на Кургане Дружбы. Дзяўчына ўпэўненая, што падобныя мерапрыемствы аб'ядноўваюць:
— Такія патрыятычныя форумы —гэта бясцэнны вопыт зносін з блізкімі па духу людзьмі. Усе мы з розных рэгіёнаў, але адзіныя моцнымі сувязямі і агульнай памяццю. У нас агульная гісторыя. Нашы прадзеды прайшлі Вялікую Айчынную вайну. Упэўнена, подзвіг продкаў шануецца ў кожнай беларускай і расійскай сям'і. Пакуль мы беражліва захоўваем гістарычную памяць дзеля нашай сучаснасці і будучыні, памылкі мінулага не паўторацца.