Меню
Старшыня Дубровенскага раённага выканаўчага камітэта
dubrovno_rik@vitobl.by
для деловой переписки
Прыём зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб з 8.00
15.01.2026
Дубровенскі міжраённы мехатрад адпрацаваў год на палях замацаваных раёнаў
Вось і завяршыўся першы аграсезон, калі на палях сельгаспрадпрыемстваў працавалі міжраённыя механізаваныя атрады, створаныя па даручэнні Кіраўніка дзяржавы ў трох рэгіёнах краіны. Такія мехатрады - хуткая дапамога там, дзе сваімі сіламі аграрыі не спраўляюцца. Узаемадзеянне з гаспадаркамі эфектыўнае, надзейнае плячо - заўсёды своечасова. Пра тое, якім быў гэты год для Дубровенскага мехатрада, мы даведаліся ў Дзмітрыя Цімошчанкі, дырэктара ААТ "Дубровенскі райаграсэрвіс".
— Год выдаўся няпростым. Наша арганізацыя атрымала шмат новай тэхнікі, а гэта дадатковыя працоўныя месцы. У калектыў улілося каля 20 новых чалавек. Хтосьці здабыў пастаяннае месца працы, а для кагосьці тэмп працы ў сельскай гаспадарцы апынуўся не па плячы. Бо міжраённы мехатрад - гэта праца не толькі на Дубровеншчыне, за намі замацаваны сельгаспрадпрыемствы ў Сенненскім і Лёзненскім раёнах. Акрамя таго, восенню мы дапамагалі прыбіраць кукурузу ў Віцебскім раёне. Узначаліў мехатрад дасведчаны інжынер Вадзім Уладзімірэнка, — распавядае Дзмітрый Уладзіміравіч. — Новая тэхніка прыйшлася як нельга дарэчы, бо знос машынна-трактарнага парку складаў больш за 80%. Безумоўна, уся тэхніка была на хаду і працавала на палях раёна, але такі аб'ём работ, як цяпер, мы выконваць не маглi. Выпрацоўка на новых трактарах, камбайнах, МАЗах у мехатрадзе апынулася ў разы большай, дзякуючы высокай запатрабаванасці ў замацаваных раёнах і загружанасці працай на працягу ўсяго перыяду палявых работ.
Мехатрад быў задзейнічаны на апрацоўцы глебы, пагрузцы, вывазе і ўнясенні арганічных угнаенняў, выконвалі ўвесь комплекс работ па вапнаванні кіслых глеб; вывозілі і ўносілі мінеральныя ўгнаенні і КАС; нарыхтоўвалі кармы з травы і кукурузы, прыбіралі ўраджай збожжавых, зернебабовых культур і рапсу; адвозілі збожжа ад камбайнаў. Мехатрад - добрая дапамога для гаспадарак, а значыць, і эканамічнай эфектыўнасці сельгасработ.
— Калі казаць мовай лічбаў, то за 11 месяцаў 2025 года зароблена больш за 4,5 млн. рублёў. Сіламі работнікаў аграсэрвісу ўзарана амаль 7000 га, пракультывавана 5000 га. Пагружана 34237,54 тоны арганічных угнаенняў, вывезена 5638,49 тоны арганікі, унесена 57912,32 тоны, — кажа дырэктар ААТ "Дубровенскі райаграсэрвіс" і працягвае: — Што тычыцца вапнавання, то работы выконваліся ў Дубровенскім, Сенненскім, Лёзненскім, Бешанковіцкім і Аршанскім раёнах. Адзначу, што вапнаванне — практычна бесперапынны працэс. Як толькі праходзяць тэндэры па вызначэнні месцаў і аб'ёмаў работ, мы прыступаем да ўнясення даламітавай мукі, якую нам адгружаюць у ААТ "Даламіт" у Рубе. За мінулы год вывезена каля 35 тыс. тон, правапнавана 6500 га. Акрамя таго, для павышэння ўрадлівасці глебы ўносілі мінеральныя ўгнаенні на плошчы 16179 га, праводзілі хімабарончыя работы на плошчы 12373 га.

Ні для каго не сакрэт, што паспяховая зімоўка буйной рагатай жывёлы, без страты якасці і колькасці малака, залежыць ад кармавой базы. Таму і падчас зялёнага жніва, усе сілы мехатрада былі накіраваны на дапамогу сельгаспрадпрыемствам у нарыхтоўцы якасных кармоў.
— У рамках Указа мы атрымалі пяць кормаўборачных камбайнаў КВК-800, і яшчэ адзін у нас быў. Таму мы змаглі дапамагчы гаспадаркам ва ўсіх замацаваных раёнах. Летась было скошана 5592 га траў, перавезена 29719 тон правяленай зялёнай масы, нарыхтавана практычна 32 тыс. тон сенажу. З палёў убрана 50610 тон кукурузы на сілас, перавезена 46779 тон, — прыводзіць лічбы Дзмітрый Уладзіміравіч. — Сёлета на ўборачнай працавала два нашы збожжаўборачныя камбайны. Мы дапамагалі сельгаспрадпрыемствам нашага раёна прыбіраць рапс, збожжавыя і зернебабовыя культуры. Камбайнерамі было ўбрана больш за 900 га, а вадзіцелі МАЗаў забяспечвалі аператыўную дастаўку на мехдвары і ў пункты прыёму збожжа. Імі перавезена 19062 тоны ўраджаю.

Зараз тэхніка пастаўлена на зімовае захоўванне. Варта адзначыць, што ўся яна адрамантаваная і гатовая па першым клічы выехаць у поле.
— Спецыфіка нашай арганізацыі такая, што нават зімой мы не сядзім без справы. Працавалі на вывазе арганікі ў ААТ "Якубава-Агра", СХФ ім. Ю. Смірнова, КУСГП "Прыдняпроўскі". Зараз дапамагаем на комплексе ў ААТ "Баброва-Агра". Адгружаем і вывозім з базы мінеральных угнаенняў карбамід пад веснавую сяўбу ў сельгаспрадпрыемствы раёна Занятая тэхніка і на падвозе рулонаў саломы і сена з палёў на фермы, — сказаў Дзмітрый Цімошчанка.
Мінулы год паказаў, што стаўка на мехатрады апраўданая, таму што вялікі парк энерганасычанай тэхнікі — у руках каманды вопытных механізатараў, а гэта гарантуе яе захаванасць і ссвоечасовае тэхабслугоўванне. А тэхпадмацаванне — адно са складаемых дастойнага ўраджаю і работы сельгаспрадпрыемства ў цэлым.