Меню
Старшыня Дубровенскага раённага выканаўчага камітэта
dubrovno_rik@vitobl.by
для деловой переписки
Прыём зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб з 8.00
09.02.2026
Дубровенскія школьнікі прадставілі свае работы на абласным этапе конкурсу "100 ідэй для Беларусі"
Таленавітыя і крэатыўныя, смелыя і мэтанакіраваныя, працавітыя і марачыя зрабіць навакольны свет больш экалагічным, бяспечным і тэхналагічным — гэта ўсё пра ўдзельнікаў рэспубліканскага маладзёжнага праекта "100 ідэй для Беларусі".
Гэты праект накіраваны на развіццё маладзёжнага вынаходніцтва і рацыяналізатарства, аказанне дапамогі ў прасоўванні маладзёжных інавацыйных праектаў і навукова-тэхнічных распрацовак. З года ў год у ім удзельнічаюць навучэнцы ўстаноў агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і сярэдне-спецыяльнай адукацыі, а таксама працуючая моладзь і маладыя навукоўцы.
На мінулым тыдні ў Віцебску прайшоў абласны этап конкурсу "100 ідэй для Беларусі". Маладыя аўтары прэзентавалі больш за 70 праектаў у розных намінацыях. Пастаяннымі ўдзельнікамі праекта з'яўляюцца дубровенскія школьнікі. Сёлета Арсеній Гарэлаў і Станіслаў Яўсеенка з сярэдняй школы №2 г. Дуброўна імя Ю. Смірнова пад кіраўніцтвам настаўніка інфарматыкі Вікторыі Карнеевай прадставілі на суд журы свае работы.
Аркадны танкавы сімулятар "Агнявы рубеж: бітва за Магілёў" распрацоўваўся Арсеніем Гарэлавым некалькі гадоў. У аснове — знакавая танкавая бітва на Буйніцкім полі, якая адбылася 12 ліпеня 1941 года.
- На наш погляд сімулятар носіць не толькі забаўляльную накіраванасць, але і адукацыйную. Загружаючы гульню, удзельнік бітвы можа пазнаёміцца з гісторыяй падзеі. Акрамя таго, увесь інтэрфейс гульні напісаны на беларускай мове, - распавядае Вікторыя Карнеева. - Калі ўдавацца ў гісторыю, то рэальная бітва доўжылася 14 гадзін, і скончылася знішчэннем 39 нямецкіх танкаў. Каб прайсці гульню паспяхова, гульцу неабходна знішчыць усе танкі праціўніка. Гулец на поле бою не адзін: дапамагае яму ШІ, які кіруе іншымі савецкімі танкамі.
Другая работа - Telegram-бот для атрымання інфармацыі аб бягучым надвор'і "WeatherBot", аўтарам якога з'яўляецца Станіслаў Яўсеенка.
- На дадзены момант распрацаваны цалкам функцыянуючы прадукт, - кажа Вікторыя Валер'еўна. - У далейшым плануем пашырыць магчымасці, напрыклад, дадаць рэкамендацыі па выбары адзення, а таксама рэалізаваць персаналізацыю, што дазволіць захоўваць любімыя гарады карыстальніка. У цэлым ёсць яшчэ над чым працаваць, таму, спадзяюся, што Станіслаў дапрацуе свой бот, і ў хуткім часе мы станем яго карыстальнікамі.