Меню
Старшыня Дубровенскага раённага выканаўчага камітэта
dubrovno_rik@vitobl.by
для деловой переписки
Прыём зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб з 8.00
17.04.2025
Аграрыі Дубровеншчыны вядуць пасяўныя работы
Пасяўная кампанія з'яўляецца адной з найважнейшых у дзейнасці сельскагаспадарчых арганізацый.
Гэта як закладка падмурка, бо нездарма кажуць: што пасееш, тое і пажнеш. Ад удалай сяўбы залежыць вынік. Працаўнікі КУСГП "Прыдняпроўскі" ведаюць сваю справу і стараюцца добрасумленна правесці ўсе агратэхнічныя работы, бо толькі пры ўмове граматнай арганізацыі працы гарантаваны высокі ўраджай.
- Пасяўная-2025 - фундамент будучага ўраджаю, - распавёў кіраўнік сельгаспрадпрыемства Міхаіл Сідарэнка. - Правільная падрыхтоўка, веды і ўзважаны падыход - асноўныя складнікі максімальна эфектыўнай пасяўной, багатага і якаснага ўраджаю. На паспяховасць пасяўной уплываюць многія фактары: спрыяльныя ўмовы надвор'я, своечасовы пачатак работ, правільны выбар пасяўнога матэрыялу і прымяненне сучасных агратэхналогій. Каб забяспечыць высокую прадукцыйнасць, неабходна старанна спланаваць і якасна правесці кожны этап работы.
Наша размова з кіраўніком КУСГП "Прыдняпроўскі" адбылася на мінулым тыдні на палях каля аг. Арловічы, калі ўмовы надвор'я дазвалялі аграрыям праводзіць мерапрыемствы па закрыцці вільгаці, ворыву, дыскаванню, культываванню глебы, падкорму азімага рапсу і азімых збожжавых культур, угнаенняў, а таксама актыўна праводзіць сяўбу яравых культур.
Галоўны аграном сельгаспрадпрыемства Аляксандр Леановіч расказаў, што аграрыям трэба пасеяць 950 гектараў збожжавых і зернебабовых культур, з іх 150 гектараў ячменю і 800 гектараў аўса. На аднагадовую траву адведзена плошча ў 200 гектараў. Таксама маецца 800 гектараў шматгадовай травы. На кукурузу ў гаспадарцы адведзена 950 гектараў.
Сярод тых, хто закладвае трывалы падмурак пад будучы ўраджай, - механізатары Лукашовы. Трактарыст-машыніст 36-гадовым стажам Віктар Лукашоў на сваім "Фендт-936" узарвае 70-80 га ў дзень. Працуе сумленна і яго сын Віктар - у дзень на сваім "МТЗ-3522" ён падрыхтоўвае да сяўбы каля 40-50 га за змену.
- Наступіла гарачая пара, працуем у полі з самай раніцы. Настрой добры, пастаўленыя задачы ясныя, - адзначыў кіраўнік сямейнага падраду. - Думаю, вынік парадуе. Прыемна, што роднае прадпрыемства клапоціцца пра нас: прадугледжана дадатковае стымуляванне працы, двойчы на дзень гарачае харчаванне проста ў полі.
Яшчэ адзін працаўнік КУСГП "Прыдняпроўскі" Віктар Гузаў непадалёк заняты не менш важнай справай - падкормам азімых. Аб гэтай сельгасаперацыі ён ведае абсалютна ўсё. Механізатар працуе ў полі на самаходным агрэгаце "Раса", з дапамогай якога ўносіцца ўгнаенне ў вадкім выглядзе, ужо адзінаццаты сезон.
Аграрый адзначае, што наколькі зладжана, старанна папрацуе зараз, такім ураджаем зямля-матухна іх і аддзячыць. На 3 красавіка ў гаспадарцы ўжо завершаны першы падкорм азімых і вядзецца другі.
Пабываўшы на палях і ўбачыўшы на свае вочы стараннасць аграрыяў, не застаецца сумневаў у тым, што ўсё ў іх атрымаецца. Сельскім працаўнікам не прывыкаць аддаваць усе свае сілы і старанні на тое, каб выканаць план і дабіцца поспехаў.