Меню
Старшыня Дубровенскага раённага выканаўчага камітэта
dubrovno_rik@vitobl.by
для деловой переписки
Прыём зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб з 8.00
22.09.2025
21 верасня сваё прафесійнае свята адзначылі работнікі лесу
Свята работнікаў лесу прыпадае на выдатную восеньскую пару, калі зямля аддае сваё апошняе цяпло, а лясы палаюць буянствам фарбаў і ляснымі дарамі: брусніцамі, журавінамі і разнастайнымі грыбамі.
У гэтым годзе свята прыпадае на 21 верасня. Вядзе яно сваю гісторыю яшчэ з савецкіх часоў, а ў незалежнай Беларусі было зацверджана Указам Прэзідэнта Рэспублікі ад 26 сакавіка 1998 года № 157 "Аб дзяржаўных святах, святочных днях і памятных датах у Рэспубліцы Беларусь".
Дубровенскія лясы — гэта неацэннае багацце, якое займае значную частку раёна і якое з'яўляецца найважнейшым элементам экалагічнай стабільнасці рэгіёну. Дубровенскае лясніцтва нясе на сабе велізарную адказнасць за захаванне гэтага здабытку. Яго спецыялісты не проста нарыхтоўваюць драўніну, яны займаюцца захаваннем і прымнажэннем ляснога фонду: высаджваюцца новыя дрэвы, вядзецца карпатлівая работа па доглядзе за маладняком, абароне лесу ад пажараў, шкоднікаў і хвароб. Дзякуючы іх намаганням, лясы застаюцца чыстымі, здаровымі і радуюць нас сваёй веліччу і багаццем. Аднак галоўнай каштоўнасцю і сапраўдным гонарам Дубровенскага лясніцтва заўсёды былі і застаюцца людзі. Прафесіяналы сваёй справы, адданыя абранай прафесіі, яны дзень за днём працуюць на карысць лесу і людзей, у любое надвор'е, пераадольваючы цяжкасці і выклікі. Ад ляснічых да вальшчыкаў, ад інжынераў да вадзіцеляў — кожны супрацоўнік уносіць свой неацэнны ўклад у агульную справу.
24 гады аддаў працы ў Дубровенскім лясніцтве ураджэнец Баброва Віктар Рабянкоў.
— Мой бацька быў лесніком, і я часта бываў з ім на працы, таму гэтыя месцы мне знаёмыя з дзяцінства. Папрацаваўшы будаўніком, праз некаторы час зразумеў, што хачу быць лесніком. З нядаўняга часу — майстар лясной гаспадаркі, — распавядае Віктар Міхайлавіч. — Асноўная наша задача — санітарная высечка. Раней столькі дрэў не выразалі, а цяпер лес сохне, шмат шкоднікаў развялося, ды і некаторыя лясы "паспелі", так бы мовіць, падышлі да стадыі старэння. Але адначасова з высечкай ідзе і пасадка іглічных саджанцаў. Пройдзе крыху часу, і маленькія ялінкі заменяць тыя, што прыйшлося высечы. — Стараемся пры вывазе драўніны не пашкодзіць маладняк. Бо гэта нашы будучыя лясы. Пакуль вальшчыкі працуюць, я аглядаю маладыя насаджэнні, — кажа майстар. — Цяпер пад маім кіраўніцтвам працуе два чалавекі, а бывае і па сем вальшчыкаў адразу. Усім трэба паказаць, якія дрэвы трэба прыбраць, прасачыць, каб яны выконвалі тэхніку бяспекі. У дзень вальшчыкі могуць нарыхтаваць па 10-20 кубаметраў драўніны. Усё залежыць ад аб'ёму дубца, самога дрэва, ды і надвор'е адыгрывае важную ролю.
Сяргей Леўкін (на здымку злева) прыйшоў у лясную гаспадарку ў сакавіку 1998 года.
— У нас у вёсцы Чырына быў майстар, ён збіраў брыгаду лесарубаў, так я трапіў у гэтую дружную каманду. Змяніў некалькі спецыяльнасцяў: лесаруб, вальшчык, ляснік, апошнія 18 гадоў працую вальшчыкам. Я так скажу, працаваць усюды нялёгка, каб штосцi зарабіць, трэба працаваць, — кажа Сяргей Віктаравіч.
Згодны з ім і яго напарнік Аляксандр Малькоў (на здымку справа). Яго працоўны стаж у лясной гаспадарцы каля пятнаццаці гадоў.
— Да таго як прыйсці працаваць у лясніцтва, працаваў у сельскай гаспадарцы, — тлумачыць Аляксандр Малькоў. —Я родам з вёскі Косціна, усе тыя месцы мне знаёмыя з дзяцінства, там і пачынаў працаваць на пчальніку. І цяпер, калі ўзнікаюць пытанні па тых лясах, то заўсёды дапамагаю калегам саветам.
Работа ў лесе — гэта нялёгкая праца, якая патрабуе не толькі глыбокіх ведаў і ўменняў, але і мужнасці, гатоўнасці да любых выклікам прыроды. З году ў год работнікі лясніцтва праводзяць велізарную працу па прадухіленні лясных пажараў: гэта кантроль за ачысткай лесу ад захламленасці і пасечаных рэшткаў, своечасовае планаванне правядзення санітарных высечак і высечак догляду, стварэнне супрацьпажарных палос і іх абнаўленне. Напярэдадні прафесійнага свята мы віншуем усіх работнікаў лясной галіны і жадаем не спыняецца на дасягнутым, пастаянна развівацца і ўдасканальвацца, застаючыся пры гэтым верным сваім галоўным прынцыпам: беражлівым адносінам да прыроды і клопату пра людзей.