Меню
Одно окно
Обращения граждан
Единый день информирования
Общественное обсуждение
Книга памяти
Объявления
Председатель Дубровенского районного исполнительного комитета
Уважаемые друзья! Мы рады приветствовать вас на нашем сайте, который поможет ближе познакомиться с нашим районом...
dubrovno_rik@vitobl.by для деловой переписки
Приём обращений граждан и юридических лиц c 8.00
16 декабря 2025
Багацце Ніны Харкевіч
Па-восеньску шэрая і маркотная дарога-вуліца перасякла вёску Дзяцель наскрозь: прабегла міма водасховішча, узбегла на ўзгорак і павольна апусцілася да апошняга дома. Там на вялікім двары нас сустракала гаспадыня: невялічкая жанчына з добрымі вачамі. Гасцінна запрасіла зайсці ў дабротны дом, дзе кожны сантыметр падлогі засланы самавязанымі коўдрачкамі.
— А што яшчэ рабіць? Не магу сядзець без працы, вось і вяжу посцілкі, коўдрачкі: і зручна, і тое-сёе карыснае зраблю, — адзначае Ніна Арцёмаўна Харкевіч, якой у лістападзе споўнілася 85 гадоў. З гэтым юбілеем яе віншавалі прадстаўнікі сельвыканкама, савета ветэранаў працы раёна, але самыя галоўныя словы пажаданняў яна атрымала ад родных і блізкіх.
— У мяне пяцёра дзяцей, 17 унукаў і 12 праўнукаў. Вось якая я багатая! — з гонарам паведаміла юбіляр і працягнула: — Кожны патэлефанаваў! Нават самая маленькая, трох гадовая праўнучка, якая не ўсё яшчэ добра вымаўляе, і тая віншавала.
Менавіта пад тры гады было і самой Ніне, калі пачалася вайна.
— Я па-сапраўднаму з 1939 года, але пасля вайны запісалі з 1940-га. Мае бацькі былі звычайнымі калгаснікамі. Я — малодшая з пецярых дзяцей. Вялікім смуткам на душы ляжыць тое, што пра бацьку я нічога не памятаю, бо ён пайшоў на вайну і там прапаў без вестак недзе пад Вязьмай… Пра той страшэнны час я ўвогуле мала што памятаю. Помню толькі, калі ішлі ў бежанцы, вакол было вялікае вогнішча і моцна грымела. Помню, што карову адабралі, што жылі недзе, дзе не было нават падлогі… Я сама нарадзіла і выхавала пяць дзяцей. Часам нам з мужам цяжка было, дык гэта ў мірны час… А як мая маці змагла адна ў бежанцы звазіць, з бежанцаў прывезці і тут захаваць кожнага з нас? Тут жа пасля вызвалення адзін попел застаўся, трэба было ўсё пачынаць з пачатку. Як гэта ёй удалося, якімі сродкамі і сіламі? Сучасным жанчынам гэта і ўявіць нельга! Наколькі мы павінны быць ўдзячнымі сваім продкам за іх звычайнае, але такое складанае жыццё! — разважала Ніна Арцёмаўна са слязамі на вачах.
Аднак яна адзначыла, што сям’я не галадала: усе працавалі, як маглі. Сама Ніна скончыла толькі два класы і таксама пайшла на работу.
— Спачатку ўладкавалася на калгасным куратніку. Але ж грошай не давалі, а адзенне трэба было купляць і так што нішто набываць. Вось я і пайшла з сяброўкамі працаваць на горацкую старану: там у вёсцы Шарыпы быў ільназавод.
Адпрацавала тры гады. Кожны дзень дзевяць кіламетраў пешшу — на работу і столькі ж назад. Вельмі цяжка было вясной, калі ў паводку — гэта ж не сучаснае надвор’е — нават невялічкія рачулкі станавіліся моцным па токам з крыгамі і вірамі. Аднойчы такой парой ідзём з працы, падыйшлі да рэчкі, а мост ужо пад вадой хаваецца.
Мы вырашылі ўсё роўна пераходзіць, але вада ўсё дабаўляла, і на другім беразе маці вельмі хвалявалася так, што ў ваду ўскочыла і паказала нам, наколькі моцная плынь. Тады мы дамоў вярталіся даўжэйшым, але больш бяспечным шляхам, — узгадвала маладосць наша субяседніца.
Яна расказала, што неўзабаве жыццё наладжвалася, у Дзяцелі пабудавалі клуб, там яна сустрэла хлопца, які потым стаў яе мужам.
— Раней не было такога, каб дзеўкі за хлопцамі бегалі. Нас, дзяўчат-нявест, было некалькі, але Іван звярнуў увагу на мяне. Так і ажаніліся, і сям’ю стварылі, і вось гэты дом сваімі рукамі з ім пабудавалі. Добры чалавек быў, працавіты. Усё жыццё — трактарыстам ды камбайнерам, на раённай Дошцы гонару быў яго партрэт. А я таксама ў калгасе працавала і свінаркай, і цялятніцай была, і даяркай, — проста расказвала жанчына. Але на самой справе ўсё было не так проста. Напрыклад, каб цялят накарміць, трэба было самастойна накасіць.
— Маці касу адаб’е, мы — Моцька Расоніха (па мясцоваму, а па пашпарце — Круглінская), Нюта Шатраўка, Нюта Маршалава — ідзём у поле пад Калацілы (амаль 4 кіламетры), там накосім канюшыну, наложам мажары, а потым трэба нагрузіць фурманку, прывезці і раздаць жывёле. Во, як працавалі! А калі цяляты хварэлі, дык нават з дому яйкі курыныя прыносілі, выпойвалі цялят, — гаварыла Ніна Арцёмаўна і падсумоўвала: — Цяжкае жыццё пражылі мы, але ж цікавае. Колькі свят было на вёсцы. Вяселлі, праводзіны ў армію, святы народныя і дзяржаўныя — усё разам, усёй вёскай гулялі. Весела, па-добраму, не памятаю, каб перабор быў ці ў лаянцы, ці ў пьянстве. Усе ведалі, што свята скончыцца, а заўтра трэба на працу… Эх, каб цяпер трохі здароўя, я б яшчэ папрацавала!
Але, шчыра кажучы, жанчына і зараз не сядзіць без працы. Толькі два гады, як адмовілася ад утрымання казы. На падворку засталіся куры, сабака ды кот. Жанчына кожны дзень дае сабе заданне, дзе смецце падгрэсці, дзе веткі сабраць. Дзеці і ўнукі не забываюць, дапамагаюць.
— Што мне зараз трэба? Нічога! Усё есць, а на радню, паўтаруся, я багатая. Няхай жывуць маладыя па сумленні, працуюць добра, бо без працы няма нічога. Хай у кожнай хаце бу дзе мір і лад. І ў свеце таксама будзе мір, — пажадала на развітанне Ніна Арцёмаўна.
dubrovno.by