Лукашэнка пра супрацоўніцтва з Башкортастанам: мы проста абавязаны нарасціць тавараабарот і перасягнуць $320 млн
Беларусь і Башкортастан маюць усё неабходнае, каб у гэтым годзе нарасціць тавараабарот і перасягнуць $320 млн. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 7 лютага на сустрэчы з кіраўніком Рэспублікі Башкортастан Расійскай Федэрацыі Радзіем Хабіравым, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы ў пачатку сустрэчы падкрэсліў, што паміж Беларуссю і расійскім рэгіёнам склаліся нядрэнныя адносіны, ёсць шэраг сумесных тэхналагічных праектаў. "Але, шчыра кажучы, мы крыху збавілі абароты ў мінулым годзе (можа, статыстыка не зусім дакладна дае інфармацыю). Мы недзе на 5-6 працэнтаў у тавараабароце знізілі, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Мы проста абавязаны ў гэтым годзе нарасціць гэты тавараабарот і перасягнуць $315-320 млн, якія мы напрацавалі".
Прэзідэнт звярнуў увагу, што на двухбаковым узроўні наладжана ўзаемадзеянне ў многіх сферах і ёсць добры патэнцыял для яго нарошчвання. "Нам з вамі камфортна і вельмі выгадна супрацоўнічаць, таму што ваша рэспубліка - гэта еўрапейскі цэнтр Расійскай Федэрацыі, найбольш прагрэсіўны, развіты цэнтр, калі браць у цэлым рэгіёны. Таму нам выгадна супрацоўнічаць з вамі і разам працаваць", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Напрыклад, бакі ўжо цесна працуюць у машынабудаванні, ёсць сумеснае прадпрыемства па зборцы і продажы трактароў. Беларусь накіроўвае ў расійскі рэгіён вузлы, камплектуючыя для трактароў, у Башкортастане іх збіраюць, дабаўляючы пэўныя дэталі, і атрымліваецца запатрабаваная прадукцыя. "Вельмі добры попыт на яе", - заўважыў Прэзідэнт.
Таксама паспяхова развіваецца супрацоўніцтва беларускага МАЗа з Уфімскім трамвайна-тралейбусным заводам. Калі ў 2020-2022 гадах яны штогод выраблялі ад 20 да 60 тралейбусаў, то ў 2023-2024 - ужо больш за 300 адзінак за год. "Гэта добрыя тэмпы. Думаю, што нам трэба развіваць гэты напрамак супрацоўніцтва", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. У прадаўжэнне тэмы ён адзначыў, што з беларускага боку ёсць гатоўнасць да сумеснай работы па аднаўленні трамваяў з выкарыстаннем кузаваў ад Белкамунмаша. "Калі гэта патрэбна, з нашага боку затрымкі ніякай не будзе", - запэўніў Прэзідэнт.
"Гэта не дабрачыннасць ні ў якім разе з нашай краіны. Для нас гэта вельмі выгадны варыянт супрацоўніцтва. Мы і ў далейшым гатовы з вамі працаваць па тых напрамках, якія мы маем", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Асобна Аляксандр Лукашэнка згадаў аб планах Беларусі па адкрыцці вытворча-сэрвіснага цэнтра "АМКАДОР" ва Уфе. "Тэхніка патрэбна будзе заўсёды, асабліва для такой велізарнай Расіі. Дарогі вы будуеце, малайцы, і федэральнага ўзроўню, і займаецеся будаўніцтвам дарог рэгіянальнага ўзроўню. А без тэхнікі не абысціся. Мы цалкам можам задаволіць попыт на гэту тэхніку і разам працаваць спачатку па зборцы, а потым і сумеснай вытворчасці тэхнікі, падобнай да "АМКАДОР", па гэтых тэхналогіях", - прапанаваў Прэзідэнт.
На сустрэчы таксама ішла размова пра такую традыцыйную для Беларусі экспартную пазіцыю, як харчовыя тавары. Праўда, для Башкортастана гэта тэма не настолькі актуальная, паколькі ў рэгіёне добра развіта ўласная сельская гаспадарка. "Ваша рэспубліка ў гэтых адносінах выдатна развіта. І вы, і Татарстан вельмі актыўна займаецеся сельскай гаспадаркай. Але тым не менш. Калі ў вас будзе неабходнасць і патрэбнасць у харчовых таварах, калі ласка, давайце будзем абмяркоўваць гэту тэму. Цяпер гэта вельмі важна, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - З задавальненнем гатовы з вамі працаваць".
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Беларусь і Башкортастан праводзілі сумесную работу ў галіне беспілотнікаў для аграпрамысловага комплексу. У сувязі з гэтым Прэзідэнт прапанаваў прадаўжаць і пашыраць узаемадзеянне: "Вопыт ёсць, напрацоўкі пэўныя ёсць. Рынак сёння добры. Думаю, трэба рухацца ў гэтым напрамку".
Тое ж самае датычыцца і супрацоўніцтва ў лёгкай прамысловасці. "Тканіны, трыкатаж, швейная прадукцыя, абутак, дывановыя вырабы, спецадзенне, іншыя тавары - усё, што трэба для чалавека з адзення (ды і абутку) мы ўмеем рабіць. І калі патрэбны будуць не толькі нашы тавары, але і тэхналогіі вам падыдуць, з вялікім задавальненнем будзем працаваць", - заўважыў Прэзідэнт.
Характарызуючы ў цэлым адносіны з расійскім рэгіёнам, кіраўнік дзяржавы яшчэ раз акцэнтаваў увагу на зацікаўленасці Беларусі ў развіцці сумеснай работы па шырокім спектры напрамкаў. "Башкортастан для нас вельмі важны рэгіён Расіі, з якім мы хацелі б супрацоўнічаць. Па-першае, ён вельмі развіты. А па-другое, гэта цэнтр еўрапейскай тэрыторыі Расіі і, працуючы ў вас, можна лічыць, мы будзем працаваць і ў суседніх рэгіёнах. Калі мы дамовімся па якіх-небудзь пытаннях, не сумнявайцеся, мы абавязкова выканаем свае абавязацельствы", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
У сваю чаргу Радзій Хабіраў падзякаваў за цёплы прыём і магчымасць абмеркаваць перспектывы супрацоўніцтва. Карыстаючыся выпадкам, ён павіншаваў Аляксандра Лукашэнку з пераканаўчай перамогай на выбарах: "Мы лічым, што гэта вельмі важная падзея не толькі для Беларусі, але і для нашых дзяржаў".
Радзій Хабіраў падкрэсліў, што Беларусь для Башкортастана - гэта не проста знешнеэканамічны партнёр, а брацкая рэспубліка. На працягу гадоў закупляюцца значныя аб'ёмы рознай беларускай тэхнікі, развіваюцца сэрвісныя цэнтры, і гэта работа будзе прадаўжацца. Нядрэнна таксама развіваецца супрацоўніцтва ў сферы нафтахіміі, сімпатыі жыхароў Башкортастана ўпэўнена заваявалі беларускія прадукты харчавання.