Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Дубровенскі раённы выканаўчы камітэт
Галоўная / Навіны / Навіны рэгіёна
28 лютага 2024

Васіль Капусцін: ветэран працы з 25-гадовым стажам і лаўрэат прэміі "Чалавек года Віцебшчыны"


Падраздзяленне, якое ўзначальвае Васіль Капусцін, - самае мабільнае на прадпрыемстве ў лагістычным і тэхналагічным плане. І ад таго, як спрацуюць ягоныя падначаленыя, а іх сотня, залежыць агульны вынік. Столькі ж і адзінак рознай тэхнікі - трактары, экскаватары, пагрузчыкі, бульдозеры, ёсць і меліярацыйная, якая выкарыстоўваецца ў будаўніцтве. Большая частка тэхнікі занята на вытворчасці, дастаўляе маладняк на пасадку (адно з падраздзяленняў знаходзіцца ў вёсцы Перамонт Лёзненскага раёна). Тэхніка выкарыстоўваецца ў забойным цэху, для перамяшчэння прадукцыі на перапрацоўку, падрыхтоўкі памяшканняў пад новы цыкл, адвоз адходаў. Словам, на кожным этапе вытворчага працэсу, які распісаны па гадзінах, патрэбна механізацыя. І яе спраўна забяспечвае машынна-трактарны парк.

- Кожную раніцу ўсе трактарысты і машыністы праходзяць медыцынскі агляд. Да таго ж прад'яўляюцца высокія патрабаванні па выкананні санітарных і ветэрынарных норм і правіл, таму і за дысцыпліну з работнікаў попыт асаблівы. Усім пачаткоўцам гэта даходліва тлумачу, - адзначае Васіль Капусцін.

Усмешлівы начальнік даволі строгі. Паўтараць ён двойчы не прывык. Бывалі выпадкі, калі з нядбайным працаўніком даводзілася раставацца.

- Усё павінна быць падпарадкавана агульнай справе, у нас калектыўны працэс. Гэта як кулак: адпусці адзін палец, і ўсе іншыя слабеюць, - кажа лаўрэат абласной прэміі.

Васіль Капусцін родам з вёскі. І зараз ён пражывае ў прыватным доме ў Сушчэва Віцебскага раёна разам з жонкай Таццянай і дачкой Насцяй. Жонка да пенсіі працяглы час працавала на птушкафабрыцы. Цяпер тут працуюць дачка і двое сыноў.

- І ўсё ж мая маці, Ганна Яфімаўна, якая сёння пражывае ў суседняй вёсцы Вярхоўе, адкуль я родам, з'яўляецца родапачынальніцай дынастыі Капусціных, - тлумачыць Васіль Васільевіч. - А мяне прыстойна паштарміла, пакуль прыбіўся да патрэбнага берага. У складаныя 90-я даводзілася круціцца, каб атрымаць жыллё і забяспечыць сям'ю з трыма дзецьмі.

Калі 25 гадоў таму прыйшоў на птушкафабрыку, у Васіля Капусціна за плячыма быў досвед працы ў калгасе, дзе загадваў майстэрнямі, і на аўтабазе. Спачатку працаваў слесарам шостага разраду, з улікам высокай кваліфікацыі неўзабаве яго перавялі на пасаду інжынера машынна-трактарнага парка, а з 2005 года ўзначаліў падраздзяленне.

 Цяпер усё значна прасцей. Агульны стаж па прафесіі складае 40 год. Дзеці самастойныя, старэйшы Сяргей - майстар па вытворчасці электрамантажных работ, сярэдні Захар - ветурач, а дачка Анастасія працуе лабарантам у заалабараторыі. Жонкі сыноў таксама працуюць на бройлернай птушкафабрыцы. З якога боку ні паглядзіш - родны калектыў, які стаў лёсам для ўсіх чальцоў сям'і Капусціных.

- І гэта абавязвае трымаць марку, - адзначае кіраўнік сям'і.

У вольны ад працы час Васіль Васільевіч любіць майстраваць. Розныя крэслы, лыжкі, іншыя вырабы.

- Прыхаць? Не, хобі, на якое раней у мяне не было часу, - дзеліцца ён. - І старэйшы сын майстравіты. Як у свой час мяне бацька навучыў шмат чаму, у тым ліку прышчапіў любоў да тэхнікі, так і я здолеў перадаць нешта сваім дзецям. А цяпер ужо ёсць і дзве ўнучкі, якія таксама патрабуюць да сябе дзядулінай увагі.

Што Васіль Капусцін уважлівы, сумневаў няма, асабліва ў жаночай паловы калектыва. Калі на карпаратыўным мерапрыемстве прысутнічае "галоўны танцор", як яго называюць, вясёлы настрой усім забяспечана. І гэта цудоўна, калі ў чалавеку спалучаюцца дзелавыя і лепшыя чалавечыя якасці.

Усе навіны