12 лютага 2025
У Полацкім раёне сутыкнуліся мікрааўтобус і дзве легкавушкі
Аварыя адбылася сёння раніцай на 3-м кіламетры аўтадарогі «Пад'езд да г.Наваполацка №2 ад аўтадарогі Р-45», паведамляе тэлеграм-канал ДАІ Віцебшчыны.
Паводле папярэдняй інфармацыі, 28-гадовы кіроўца аўтамабіля Mercedes не справіўся з кіраваннем, выехаў на паласу сустрэчнага руху, дзе здзейсніў сутыкненне з аўтамабілямі Peugeot і Volkswagen. Ад удару Peugeot выкінула ў правы па ходзе руху кювет.
У выніку ДТЗ кіроўца Volkswagen 1961 года нараджэння атрымаў цялесныя пашкоджанні і быў шпіталізаваны. Кіроўцы двух іншых аўтамабіляў пасля агляду медыцынскімі работнікамі былі адпушчаныя па месцы жыхарства.
Па факце ДТЗ праводзіцца праверка.