У школах Дубровеншчыны прайшлі сустрэчы з удзельнікамі «Зімовага маршруту»
Рэспубліканскі патрыятычны працоўны праект «Зімовы маршрут» 25 студзеня стартаваў у Віцебскай вобласці. Адпраўной кропкай для яго ўдзельнікаў - дваццаці двух байцоў студаатрадаўскага руху Віцебшчыны - стаў горад Дуброўна.
Удзельнікамі акцыі таксама сталі камандзір рэспубліканскага штаба «Беларускі студэнцкі атрад» Надзея Шахоўская, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Дубровенскага райвыканкама Людміла Дударава і першы сакратар РК ГА «БРСМ» Таццяна Шкiндэрава.
Надзея Шахоўская адзначыла, што новы праект аб'ядноўвае адразу некалькі важных мэт.
-Гэта шэраг прафарыентацыйных інтэрактываў, тэматычных заняткаў, канцэртных і сацыяльна значных праграм, аказанне шэфскай дапамогі ветэранам і самотна пражываючым пенсіянерам, - распавяла Н.Шахоўская. - Праект «Зімовы маршрут» - пра патрыятычнае і маральнае выхаванне падрастаючага пакалення, дзе галоўны прынцып «роўны навучае роўнага».
Пасля працоўнай акцыі на мемарыяльным комплексе «Рыленкі» і ў Парку Воінскай славы ў г.Дуброўна ў раскладзе байцоў атрада значылася правядзенне конкурсна-гульнявой праграмы па прафарыентацыі з вучнямі сярэдняй школы №1 г.Дуброўна. Удзельнікі распавялі школьнікам аб сваіх установах вышэйшай адукацыі і прафесіях, якія можна набыць па заканчэнні ВНУ. Таксама школьнікі сталі ўдзельнікамі інтэрактыўнай гульні, прысвечанай захаванню гістарычнай памяці аб героях Вялікай Перамогі.
Юлiя СТАРАВОЙТАВА.
Фота аўтара.