У дубровенскіх школах прайшлі ўрокі мужнасці
Рэспубліка Беларусь - незалежная дзяржава, у якой забяспечаны найвялікшыя каштоўнасці: мір і стабільнасць. Дзякуючы гэтаму мы можам вучыцца, працаваць, будаваць планы і рэалізоўваць іх, ствараць сем'і, выхоўваць дзяцей. А каб гэтыя каштоўнасці захаваць, неабходна ўмець абараняць сваю Бацькаўшчыну. Кожнаму абараняць яе на сваім месцы: за школьнай партай ці ў завадскіх цэхах, аддаючы ўсе сілы на карысць Радзімы, у імя яе росквіту і развіцця. І калі ўзнікне неабходнасць - абараняць са зброяй у руках. Але для гэтага ў сучасных умовах трэба многае ведаць і ўмець. Магчымасць навучыцца абараняць сваю краіну дае армія.
Менавіта гэтай тэме былі прысвечаны ўрокі мужнасці, якія прайшлі ў школах г.Дуброўна 16 лютага. Іх непасрэднымі ўдзельнікамі сталі вучні 9-11 класаў, а запрошаным госцем - начальнік адасобленай групы (Дубровенскага раёна) ваеннага камісарыята Аршанскага і Дубровенскага раёнаў маёр Яўген Шаргаеў.
Сустрэча насіла інфармацыйны характар, таму ў першую чаргу Яўген Станіслававіч распавёў аб Узброеных Сілах, іх структуры і аснашчэнні. Гаварылі таксама аб прафесійнай адукацыі, што асабліва актуальна для выпускнікоў. Абмеркавалі уступныя экзамены, неабходны ўзровень фізічнай падрыхтоўкі, плюсы і мінусы ваеннай адукацыі. Для нагляднасці быў паказаны фільм аб Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь.
-Наш краіна асуджае любы ваенны канфлікт як сродак рэалізацыі палітыкі і прытрымліваецца прынцыпу мірнага ўрэгулявання спрэчак, - падкрэсліў Яўген Шаргаеў. У той жа час ён заўважыў, што Беларусь будзе выкарыстоўваць усе наяўныя сродкі, каб адстойваць свае нацыянальныя інтарэсы.
-Каб з намі ніхто не думаў размаўляць з пазіцыі сілы, урад прымае меры па забеспячэнню ваеннай бяспекі дзяржавы. У нашай краіне стварылі прынцыпова новую армію, працягваецца ваеннае будаўніцтва, мадэрнізацыя ўзбраення і ваеннай тэхнікі, пераўзбраенне на самыя дасканалыя сістэмы, вядзецца інтэнсіўная баявая падрыхтоўка, штогод праводзяцца каля двухсот вучэнняў рознага маштабу, - распавёў Яўген Станіслававіч.
Пры гэтым у ходзе сустрэчы, ён некалькі разоў зводзіў думку да таго, што беларускае войска - не фактар вядзення вайны, а найважнейшы фактар яе стрымлівання. Галоўнай зброяй беларусаў застаюцца любоў да Радзімы і маральны дух. Без гэтага казаць пра бяспеку дзяржавы ў сучасных умовах проста бессэнсоўна. А казаць пра яе неабходна, і ўрокі мужнасці толькі першы крок да дыялогу з падрастаючым пакаленнем.
Яна Гурская