У Дубровенскім раёне завяршаецца ўборка кукурузы
На Дубровеншчыне засталося прыбраць менш за 30% плошчаў кукурузы. Паводле звестак упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванню Дубровенскага райвыканкама, па стане на раніцу 3 лістапада кукуруза прыбрана з 4162 гектараў. На сілас і зялёны корм убрана 3997 га, сабрана 137.191 т зялёнай масы пры ўраджайнасці 330 ц/га.
Самая высокая ўраджайнасць у ААТ «Праўда-З», тут з гектара сабралі па 484 цэнтнеры зялёнай масы. У тройцы лідэраў па ўраджайнасці - КУСГП iм.Чарняхоўскага (459 ц/га), а таксама ААТ «Якубова-Агра» (457 ц/га).
Два гаспадаркі: ААТ «Якубова-Агра» і СГФ iм.Ю.Смiрнова вядуць уборку кукурузы на зерне. Сабрана 1655 тон пры ўраджайнасці 92 і 113 ц/га адпаведна.
Завяршылі прыбіраць кукурузу ў ААТ «Усход-Чырына», «Праўда-З» і КУСГП iм.Чарняхоўскага. Пастаўлена задача - да канца гэтага тыдня - завяршыць гэты від сельгасработ.
Дарэчы, у мінулым годзе на гэту дату кукуруза ў раёне была прыбрана. Праўда, і плошчы былі менш - 4079 га, і ўраджайнасць ніжэй - 240,5 ц/га. У гэтым годзе кукурузны клін складае 5837 га.
У раёне нарыхтавана 114213 тон сіласу, у тым ліку з кукурузы - 108.327 тон, або 111,6% плана. Усяго нарыхтавана 65283 т.к.ад., або 27,53 ц.к.ад. на ўмоўную галаву. А гэта на 5,71 ц.к.ад. больш за мінулагодні ўзровень. Самая вялікая прыбаўка кармоў у ААТ «Каманiна», дзе нарыхтавана 34,54 ц.к.ад., або на 11,49 ц больш, чым у мінулым годзе.
Вядуцца ў раёне і іншыя сельгасработы: узворванне глебы пад зябліва, вывазка арганікі пад яравую сяўбу. Так, узарана 5332 га плошчаў, або 28% ад запланаванага, вывезена на палі 105275 т арганікі, унесена 17296 т.
Святлана ШУРПАКОВА.