Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Дубровенскі раённы выканаўчы камітэт
Галоўная / Навіны / Навіны раёна
6 жніўня 2020

У Дуброўне адкрылі абноўлены помнік ахвярам Халакоста

Ахвярамі нацызму ў гады Вялікай Айчыннай вайны ў Дуброўне сталі каля 2 т. яўрэяў. Іх рэшткі былі пахаваны ў агульнай магіле за фабрычным дваром Дубровенскага льнозавода. На месцы расстрэлу яўрэяў у сярэдзіне 1950-х гадоў быў усталяваны помнік, пабудаваны па ініцыятыве дэпутата Дубровенскага гарсавета Хасіна, сям'я якога загінула ў гэтым месцы. У 2010 годзе дзякуючы дубровенцу Юрыю Нiрману, чые блізкія таксама былі расстраляныя ў гета, было ўстаноўлена і нанесена на пліты больш за 300 прозвішчаў загінулых яўрэяў у горадзе Дуброўна.



Ініцыятарам капітальнага рамонту і пераносу памятнага знака стаў Саюз беларускіх яўрэйскіх грамадскіх аб'яднанняў і абшчын на чале са старшынёй Уладзімірам Чарніцкім. Рэалізаваць праект дапамаглі сям'я Лазарус з Англіі і сям'я Клеттэр з ЗША, якія рэканструююць такія помнікі па ўсёй Беларусі.

Ва ўрачыстым мітынгу прынялі ўдзел намеснік старшыні Дубровенскага райвыканкама, старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб'яднання «Белая Русь» Святлана Рыжанская, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Людміла Дударава, кіраўнік Аб'яднання іудзейскіх рэлігійных абшчын у Беларусі Уладзімір Малінкін, галоўны рабін аб'яднання іудзейскіх рэлігійных абшчын у Рэспубліцы Беларусь Шнэор Дойч, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, мясцовыя жыхары.




Святлана Рыжанская нагадала пра трагічныя падзеі ваенных гадоў.

-У Дуброўна ёсць сем'і, дзе генацыд знішчыў практычна ўсіх. З гэтым помнікам звязаны канкрэтныя імёны - імёны дубровенцаў, якія загінулі ад рук нацыстаў. Іх перарваныя жыццi - вялікая страта для нас, для горада Дуброўна, для Беларусі, - адзначыла Святлана Рыжанская. - Нельга забываць гэтую жахлівую старонку гісторыі пад назвай халакост. Яна павінна нагадваць усім нам, асабліва моладзі, як далёка можна зайсці ў нянавісці. Нельга дапусціць паўтарэння такога зла ні ў чыім стаўленні.

Святлана Рыжанская выказала ўдзячнасць за ўзмацненне па захаванні памяці пра халакост кіраўніку Саюза яўрэйскіх грамадскіх аб'яднанняў і абшчын Уладзіміру Чарніцкаму, сем'ям Лазарус і Клеттэр. Словы падзякі гучалі і ў адрас дырэктара Дубровенскага льнозавода Анатоля Басянкова, які стварыў музейны пакой у памяць людзей, якія загінулі тут.



Словы падзякі кіраўніцтву раёна і ўсім дубровенцам за захаванне памяці аб жудасных падзеях ваенных гадоў выказаў Уладзімір Малінкін.

-Гэта надзея на тое, што мы ўсе будзем жыць у талерантным грамадстве, у якім не будзе месца нацыянальнай варожасці і нянавісці. Знішчэнне аднаго чалавека - гэта знішчэнне свету, - падкрэсліў ён.

Прысутныя ўшанавалі памяць трагічна загінуўшых хвілінай маўчання, ўсклалі вянкі і кветкі да помніка ахвярам фашызму.

Дарэчы, добраўпарадкаванне помніка ў Дуброўне будзе працягнута.


Юлія СТАРАВОЙТАВА.

Фота аўтара.

Усе навіны