Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Дубровенскі раённы выканаўчы камітэт
Галоўная / Навіны / Навіны раёна
18 кастрычніка 2022

ТВОРЧАСЦЬ ЯК ПРЫЗВАННЕ

Дубровеншчына — радзіма многіх знакамітых людзей. Шмат з іх тут толькі нарадзіліся, але сваёй пачэснай справай у розных кутках свету праславілі родную зямлю. Мне ж здаецца, што не меншы гонар выклікаюць людзі, якія дасягнулі пэўных вынікаў у сваёй дзейнасці тут, на малой радзіме. Бацькаўшчыне і сваякам яны прысвяцілі ўсё сваё жыццё. За што з гордасцю іх называюць — тутэйшыя.

Імя карэннага жыхара Дуброўна Леаніда Дударава знаёма кожнаму даросламу дуб¬ровенцу. Ды і Леанід Васільевіч ведае амаль усіх ў горадзе і раёне. Тут жылі яго бацькі — удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны, тут сталелі яго дзеці. У гэтым годзе Леанід Дудараў адзначае дзве вельмі значныя даты — 75-гадовы юбілей і 50-годдзе сямейнага жыцця. Аб гэтым творчым, неабыякавым і мудрым чалавеку сённяшні аповед.

Пачынаў сваю прафесійную дзейнасць Леанід Васільевіч на розных пасадах: спрабаваў заняцца фізічным выхаваннем падлеткаў прафтэхвучылішча, грамадска-спартыўна-аздараўленчай работай, аднак па-сапраўднаму знайшоў сябе ў якасці апавядальніка лёсаў людзей. Лідзія Рыгораўна Чапялова, былы галоўны рэдактар газеты, здаецца, разгадала, чаму менавіта ў карэспандэнцкай рабоце знайшоў сваё прызванне Леанід Дудараў: «Ён проста вельмі любіць людзей, заўсёды раз¬дзяляе іх клопаты і праблемы і па меры сваіх сіл і кампетэнцый стараецца дапамагчы ўсім, каму магчыма. Такі вось ён бескарысны чалавек».

У адным са сваіх артыкулаў яна пісала: «Творчасць гэтага чалавека не абмяжоўваецца напісаннем цікавых замалёвак, аналітычных арты¬кулаў і карэспандэнцый, зборам аператыўнай інфармацыі. Леанід Васільевіч нейкім інтуітыўным чуццём раней за іншых знаходзіць цікавыя навіны і аператыўна рыхтуе іх для газеты».

Менавіта інтуіцыя і шматгадовая практыка работы спачатку на раённым радыёвяшчанні, а потым у газеце «Дняпроўская праўда» раскрыла яго талент быць летапісцам лёсаў людзей і дарагіх яго сэрцу землякоў. Ён і зараз не пакідае сваёй ужо не прафесійнай, а грамадскай дзейнасці: прыносіць у газету цікавую інфармацыю, дзеліцца назіраннямі, дае парады ў напісанні артыкулаў і якасці фотаздымкаў. У Леаніда Васільевіча столькі інфармацыі, якой ён шчодра дзеліцца з работнікамі рэдакцыі, што толькі можна пазайздросціць. Сваім прафесійным вокам ён бачыць усё і трымае руку на пульсе жыцця горада.

Да яго і зараз яшчэ звяртаюцца дубровенцы, калі іх нешта турбуе. І ён дапамагае, па меры сваіх магчымасцей, вырашыць іх праблемы, бо яму не знаёмы чэрствасць, раўнадушша і абыякавасць.

Спецыфіка работы карэспандэнта раёнкі — звяртацца неаднаразова да адных і тых жа тэм, людзей, падзей і асвятляць іх на старонках газеты. Няпроста знайсці герояў сваіх аповедаў. А Леанід Васільевіч умеў шукаць і знаходзіць новыя тэмы і новых герояў. Над такімі матэрыяламі прыходзілася шмат працаваць: сабраць матэрыял, звязацца з героем або людзьмі, якія яго ведаюць.

Нярэдка пошукі выходзілі далёка за межы Беларусі. А колькі пісем прыйшлося напісаць Леаніду Дудараву, каб знайсці інфармацыю пра знакамітага земляка і расказаць чытачам аб ім. Гэта дзякуючы яму мы больш ведаем пра жыццё першай жанчыны-філосафа ў свеце, прафесара Венскага ўніверсітэта Ганны Тамаркінай, вядомага беларускага мастака-манументаліста Юрыя Гаўрына, вучонага-фізіка, прафесара НАН Рэспублікі Беларусь Мікалая Шумейку і многіх іншых дубровенцаў.

Увага да чалавека. Чуласць і спагада чырвонай ніткай праходзіць праз усё жыццё Леаніда Васільевіча. Ён памятае ўсе дні нараджэння, заўсёды павіншуе кветкай, паштоўкай або ўласна складзеным вершаваным радком.

У жыцці кожнага чалавека справа займае шмат месца, але ж не большае, чым сям’я. Бо тады вагі існавання перавернуцца, і шчасце любові блізкіх можа растаяць. Жыццёвыя рубяжы Леаніда Васільевіча паказваюць, што і тут ў яго ўсё склалася: пабудаваў дом, вырасціў сыноў, пасадзіў сад.

Жыццё працягваецца. 75 — лічба значная. Чалавеку з такім жыццёвым вопытам можна толькі пазайздросціць, а яшчэ пацікавіцца: якія тайны раскрывае такая дата?

У гэтыя святочныя дні ўвесь калектыў рэдакцыі шчыра віншуе юбіляра з днём нараджэння. Жадаем Леаніду Васільевічу моцнага здароўя, бадзёрасці, сямейнага шчасця і міру. Няхай добрыя весткі прыходзяць у хату, а радасць і светлыя надзеі не пакідаюць ніколі ваша сэрца.

Падрыхтавала

Алена ЗАЙЦАВА.

На здымку: Л.Дудараў і М.Махначоў абмяр¬коўваюць падзеі Дубровеншчыны.

Усе навіны