Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Дубровенскі раённы выканаўчы камітэт
Галоўная / Навіны / Навіны раёна
14 снежня 2020

Таццяна Цімафеева ў ліку лепшых аператараў машыннага даення Дубровеншчыны

Аператар машыннага даення Таццяна Цімафеева працуе ў жывёлагадоўлі трыццаць чатыры гады. Увесь гэты час яна верная сваёй справе і роднаму сельгаспрадпрыемству ААТ «Баброва-Агра».

За тры дзесяцігоддзі Таццяна Уладзіміраўна не аднойчы пацвярджала свой прафесіяналізм. І бягучы год не стаў выключэннем - яна ў ліку прызёраў спаборніцтва сярод аператараў машыннага даення сельскагаспадарчых прадпрыемстваў АПК Дубровенскага раёна.

Сёння на МТФ Россасна ўтрымліваецца 1248 галоў. Па словах брыгадзіра фермы Надзеі Асяпцовай, тут падрыхтаваліся да халадоў: падфарбавалі і адрамантавалі памяшканні, каб палепшыць жыллёвыя ўмовы для рагатых пастаяльцаў.

На думку Надзеі Дзмітрыеўны, аператар машыннага даення Таццяна Цімафеева граматна падыходзіць да выканання сваіх абавязкаў, добрасумленна і старанна працуе, задаючы тон усяму калектыву. Безумоўна, у дасягненні мэты дапамагае і вопыт.

-Дзе нарадзілася, там і спатрэбілася, - кажа Таццяна Уладзіміраўна. - А нарадзілася і вырасла я тут, у аг. Россасна ў дружнай шматдзетнай сям'і. Нас пяцёра - у мяне ёсць два браты і дзве сястры. На жаль, мы рана засталіся без бацькоў, таму ўжо ў 17 гадоў давялося выйсці на працу.

Так, у 1986 годзе Таццяна прыйшла працаваць аператарам машыннага даення на ферму ў Россасна. З першых дзён работы дзяўчына старалася не саступаць больш дасведчаным калегам, вучылася, ніколі не баялася цяжкасцяў і не здавалася.

Сёння на апецы Таццяны Цімафеевай група з 73 кароў. За 11 месяцаў бягучага года аператар надаiла 5623 кг малака на карову. Гэты паказчык да ўзроўню мінулага года вырас на 671 кг, або 114%.

-Свой працу люблю. Умовы для працы ў нас добрыя, заработная плата задавальняе. Толькі вось выходных у нас практычна няма. А калі і дадуць - то і святам гэта не назавеш: усё роўна думкамі там, на ферме, сядзіш і думаеш, ці ўсё зрабіла і як там дойка праходзіць, - дзеліцца Таццяна Уладзіміраўна. - А наогул да любой працы абвыкаеш. Бывае, іду на працу і не заўважаю, як прайшла паўтара кіламетра - ногі самі нясуць. Каровы, як людзі, усе разумеюць, толькі сказаць не могуць. Яны таксама слова добрае любяць, на пяшчоту адгукаюцца. Я навучылася добра разумець іх. Адна крыўдзіцца, як дзіця, другая нахабная, не ў сваю чаргу даіцца лезе або ежу ў суседкі з-пад носа выцягне, трэцяя толькі тады падыдзе, калі мянушку сваю пачуе...

Таццяна Цімафеева шматдзетная мама - разам з мужам яны выгадавалі траіх дзяцей - дзвюх дачок і сына. А крыху больш за год таму Тацяна Уладзіміраўна ўпершыню стала бабуляй. Зараз яе галоўная радасць - калі ўнучка Лерачка прыязджае ў госці.

Па словах кіраўніка ААТ «Баброва-Агра» Аляксандра Мурашкiна, Таццяна Цімафеева паказвае прыклад у працы сваім калегам. Бо вопытны аператар машыннага даення ставіцца да сваёй працы адказна і з душой. Працу сваю Таццяна Уладзіміраўна вельмі любіць, для кожнай жывёлы знойдзе добрае слова, таму і паказчыкі добрыя. А адказнасць, самаадданасць і чуласць - галоўныя складнікі поспеху Таццяны Цімафеевай.

Юлія СТАРАВОЙТАВА

Усе навіны