|
Мадэрнізацыя ферм працягваецца
Чацвёрты год ажыццяўляецца рэалізацыя Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця вёскі. Паралельна з будаўніцтвам жылля, абнаўленнем сацыяльных аб’ектаў і добраўпарадкаваннем цэнтральных сядзіб гаспадарак, праводзіцца вялікая работа па рамонту жывёлагадоўчых памяшканняў, замене старых, знасіўшыхся сродкаў механізацыі на фермах. Асаблівая ўвага ўдзяляецца мадэрнізацыі малочнатаварных ферм. Гэта выклікана не толькі вострай неабходнасцю замены старых, адслужыўшых свой тэрмін эксплуатацыі механізмаў на новыя, але і тым, што ў апошнія гады ў нашу краіну зачасцілі ветэрынарныя інспектары з Расіі, якія прад’яўляюць больш жорсткія патрабаванні да ўмоў атрымання таварнага малака на фермах, значную колькасць якога Рэспубліка Беларусь прадае ў Расійскую Федэрацыю. Перад вытворцамі пастаўлена задача наладзіць так вытворчы працэс, каб малако з вымя каровы па сістэме трубаправодаў трапляла ў малочны халадзільнік закрытага тыпу і такім чынам яго механічнае засмечванне ў працэсе даення і дастаўкі да месца захоўвання. Такая праграма мадэрнізацыі малочнатаварных ферм распрацавана і ажыццяўляецца ў нашым раёне. Як паведаміў першы намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Мікалай Аляксандравіч Скрабец, за апошнія тры гады на фермах раёна зманціравана 18 малакаправодаў, устаноўлена 16 малочных халадзільнікаў закрытага тыпу, набыта 10 кормараздатчыкаў. З гэтай колькасці 7 малакаправодаў, 3 малочныя халадзільнікі і 4 кормараздатчыкі набыты ў гэтым годзе яшчэ. За 4 малакаправоды, 2 халадзільнікі і столькі ж кормараздатчыкаў пералічаны грошы і ў бліжэйшы час гэта абсталяванне паступіць у гаспадаркі. Такім чынам, з улікам абсталявання, за якое ўжо заплачаны грошы, да канца года на палавіне малочнатаварных ферм раёна кароў будуць даіць у малакаправоды, што значна аблягчае працу даярак, павышае прадукцыйнасць працы і паляпшае спажывецкія якасці малака. Малакаправодамі і халадзільнікамі аснашчаны фермы на цэнтральных сядзібах гаспадарак, дзе пабудаваны ці будуюцца аграгарадкі. Па два малакаправоды і столькі ж халадзільнікаў устаноўлены на фермах СВК “Герой”, “Баброва”, “Праўда”, КУСГП “Першамайскае”, “Прыдняпроўскі”. На фермах КУСГП імя Ю.Смірнова зманціраваны тры малакаправоды, у СВК “40 год Кастрычніка”, “Прыдубровенскі” і КУСГП “Зарубы” – па аднаму. Сельгаскааператывы “Усход-Чырына” і “Баброва” маюць па два мабільныя кормараздатчыкі. Па адной такой сельгасмашыне, якая значна аблягчае працу жывёлаводаў, на сённяшні дзень маюць СВК “40 год Кастрычніка”, “Прыдубровенскі”, “Праўда”, КУСГП “Прыдняпроўскі”, імя Чарняхоўскага, імя Ю.Смірнова. Ужо заплочаны грошы і ў хуткім часе набудуць кормараздатчыкі СВК “Расасна” і КУСГП “Зарубы”. Устаноўка малакаправодаў на фермах дазваляе павялічыць нагрузку на даярку да 50 кароў. Наяўнасць кормараздатчыкаў, а таксама амкадораўскіх пагрузчыкаў, якія сёння маюць усе гаспадаркі (некаторыя па два), дазваляе паспяхова вырашаць праблему раздачы кармоў буйной рагатай жывёле і значна павялічваць зону абслугоўвання жывёлы адным даглядчыкам. У сельгаскааператыве “40 год Кастрычніка”, напрыклад, адзін механізатар з дапамогай кормараздатчыка раздае сянаж у кароўніку на 200 галоў на якубаўскай ферме і ў памяшканні на такую ж колькасць цялушак на пірагоўскай ферме. Адным мабільным кормараздатчыкам можна накарміць 500 і больш галоў жывёлы. Аднак не ў кожным жывёлагадоўчым памяшканні пакуль можна выкарыстоўваць кормараздатчыкі. Справа ў тым, што на многіх фермах без адпаведнай перабудовы памяшканняў, гэтыя машыны пакуль нельга выкарыстоўваць (нізкія дзвярныя праёмы і вузкія кармавыя праходы). Таму ў апошнія гады ва ўсіх гаспадарках рэканструкцыя жывёлагадоўчых памяшканняў вядзецца з улікам таго, каб пасля завяршэння будаўнічых работ, тут можна было выкарыстоўваць кормараздатчыкі. Паўсюднае выкарыстанне гэтых машын дазволіць у значнай ступені вырашыць абвастрыўшуюся ў апошнія гады праблему кадраў жывёлаводаў і выключыць праблему недавозу кармоў у кармушкі, якая нярэдка назіраецца на фермах, дзе корм грузяць уручную і ў памяшканні завозяць яго на конях. Паступова завяршаецца будаўніцтва клюшачнікаў-даўгабудаў, каркасы якіх былі ўзведзены яшчэ ў 1991 годзе. Такіх недабудаваных памяшканняў на пачатак сёлетняга лета было 4: па аднаму ў СВК “Рэдзькі”, “Прыдубровенскі”, “Каманіна” і КУСГП “Арловічы”. У сельгаскааператыве “Каманіна” будаўніцтва клюшачніка ўжо завершана, аб чым мы расказвалі на старонках газеты. Тут зімой плануюць утрымліваць 250 цялушак. Вядуцца работы па завяршэнню будаўніцтва клюшачнікаў-даўгабудаў у СВК “Рэдзькі” і КУСГП “Арловічы”. Вельмі мала пакуль зроблена па завяршэнню будаўніцтва такога памяшкання ў СВК “Прыдубровенскі”. А вось у КУСГП імя Чарняхоўскага, дзе яшчэ некалькі гадоў назад прыстасавалі клюшачнік для ўтрымання цялушак для ўзнаўлення статка, сёлета вядуць рэканстукцыю гэтага памяшкання для ўтрымання дойнага статка. Тут будзе зманціраваны малакаправод, устаноўлены малочны халадзільнік, а раздача кармоў ажыццяўляецца з дапамогай кормараздатчыка. Работы па рамонту і пераабсталяванню ферм сёлета вядуцца не толькі ў СВК “Усход-Чырына”, “40 год Кастрычніка”, КУСГП “Зарубы” і імя Чарняхоўскага, дзе будуюцца аграгарадкі, але і ў большасці іншых гаспадарак раёна. У СВК “Герой” перабудоўваюць былыя свінарнікі на волеўскай ферме пад памяшканні для ўтрымання цялушак, у СВК “Расасна” вядзецца рэканструкцыя цялятніка, а таксама двух кароўнікаў, дзе ў хуткім часе будуць устаноўлены малакаправоды. У КУСГП “Першамайскае” закончана рэканстукцыя памяшкання для ўтрымання 350 бычкоў і працягваюцца работы па завяршэнню будаўніцтва памяшкання для раздою першацёлак. У СВК “Рэдзькі” абсталёўваюць памяшканне для ўтрымання цялушак. На 2009-2010 гады ў раёне плануецца будаўніцтва яшчэ пяці аграгарадкоў. Відавочна, што паралельна з абнаўленнем аб’ектаў сацыяльнай сферы ў будучых аграгарадках, будзе працягвацца мадэрнізацыя ферм. Нагадаем, што ў сельгаскааператыве “Усход-Чырына” нядаўна пачалося будаўніцтва малочнатаварнай фермы, дзе будзе ўстаноўлена сучаснае даільнае абсталяванне. Будоўля вядзецца за кошт крэдытаў ААТ “Белаграпрамбанк”. Новая чырынская ферма будзе адна з 118 ферм, якія згодна з Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 1502 будуць пабудаваны да канца 2009 года ў нашай краіне. Андрэй КВІР.
Жніво завяршылася 10 сентября Сельгаспрадпрыемствы раёна завяршылі жніво на грамадскіх палетках. У раёне сабраны рэкордны за апошнія дваццаць гадоў ураджай збожжавых. Валавы намалт збожжа ў бункернай вазе склаў каля 76 тысяч тон, што на 7,5 тысячы тон або на 11 працэнтаў больш, чым у мінулым годзе. З кожнага з убраных гектараў намалочана па 37 цэнтнераў зерня – на 3,2 цэнтнера больш, чым у мінулым годзе Самы вялікі валавы намалот збожжа ў апошнія дваццаць гадоў быў у 1990 годзе – 73,1 тысячы тон. Сёлета гэты рубеж перакрыты амаль на 3 тысячы тон. Але варта заўважыць, што ў 1990 годзе пад збожжавыя было адведзена 25,4 тысячы гектараў або амаль на 5 тысяч гектараў больш, чым сёлета. У выніку ў той год сярэдняя ўраджайнасць з гектара склала 28,8 цэнтнера зерня – на 8,2 цэнтнера менш, чым сёлета. Сёлетняя аддача збожжавага палетка з’яўляецца самай высокай за ўсю гісторыю раёна. Найбольшых поспехаў на вырошчванні збожжавых дабіліся хлебаробы СВК “Праўда”, дзе з кожнага гектара ў сярэднім сабрана па 55,1 цэнтнера зерня або на 12,7 цэнтнера больш, чым у папярэ днім годзе. Валавы намалот збожжа ў гэтай гаспадарцы ў параўнанні з мінулагоднім павялічыўся на адну трэць. Па 52 цэнтнеры зерня з гектара або на 6,4 цэнтнеры больш, чым у мінулым годзе сабралі ў СВК “40 год Кастрычніка”. Выдатны ўраджай вырасцілі хлебаробы КУСГП “Арловічы”, дзе з кожнага гектара ў сярэднім намалацілі па 41 цэнтнеру зерня. На чвэрць больш, чым у мінулым годзе намалацілі збожжа хлебаробы СВК “Расасна”, КУСГП “Першамайскае” і імя Чарняхоўскага. Толькі ў СВК “Прыдубровенскі” і КУСГП імя Ю.Смірнова ўраджайнасць збожжавых ніжэй за 30 цэнтнераў. І толькі сельгаскааператывы “Прыдубровеснкі” і “Гігант” намалацілі збожжа менш, чым у мінулым годзе. Абмалаціўшы збожжавыя на грамадскіх палетках, камбайнавыя экіпажы прыступілі да абмалоту збажыны на прысядзібных участках. У сельгаскааператывах “Усход-Чырына” і “Каманіна” гэтая работа ўжо завершана. К.АНДРЭЕЎ Жыллё чакае навасёлаў 20 сентября
Вось такіх пяць прыгожых аднакватэрных катэджаў пабудавана на цэнтральнай сядзібе сельгаскааператыва “Расасна”. У іх ёсць усе камунальныя зручнасці. Для ўтрымання хатняй жывёлы ёсць хлявы па памерах у два разы большыя за тыя, што ўзведзены ля суседніх, пабудаваных некалькі гадоў назад. Вакол кожнай сядзібы ўстаноўлена прыгожая агароджа. Побач з домам ёсць участак для вырошчвання агародніны. =Хто паселіцца ў гэтых прыгожых дамах? – запытаў я старшыню гаспадаркі Аляксея Аляксеевіча Кавальчыка. -Тут будуць жыць сем’і жывёлаводаў,- упэўнена гаворыць старшыня. –З трыма сем’ямі з Магілёўскай вобласці ў нас ужо ёсць дамоўленасць, што яны пераедуць жыць у нашу гаспадарку. Спадзяюся, што найдзём жадаючых пасяліцца і ў нашых дамах, і гэтыя людзі будуць працаваць на ферме. Праблема кадраў жывёлаводаў у нашай гаспадарцы самая вострая. Мы разлічваем, што з дапамогай новага жылля мы вырашым гэтую праблему.
|