Меню
Старшыня Дубровенскага раённага выканаўчага камітэта
dubrovno_rik@vitobl.by
для деловой переписки
Прыём зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб з 8.00
27.03.2025
У ААТ "Праўда-С" самі вызначаюць сваю будучыню
Адным з лідараў прадпрыемстваў сельскай гаспадаркі Дубровеншчыны з'яўляецца ААТ "Праўда-С".
20 сакавіка тут адбыўся выніковы сход калектыву, у якім прыняў удзел старшыня Дубровенскага райвыканкама Анатоль Лукашоў. Аб выніках фінансава-гаспадарчай дзейнасці распавёў дырэктар прадпрыемства Аляксей Хахлоў.
У першую чаргу ён агучыў важныя паказчыкі, якія сведчаць аб паспяховай рабоце прадпрыемства.
- У 2024 годзе, нягледзячы на пэўныя няпростыя ўмовы працы, мы здолелі захаваць пагалоўе, павялічыць надоі і якасць малочнай прадукцыі, у прыватнасці, тлустасць, знізілі падзеж жывёлы і павялічылі прыбаўленні. Усё гэта дазволіла рэнтабельна працаваць і атрымліваць даход, павышаць заработную плату. Частку прыбытку мы змаглі пусціць на абнаўленне машынна-трактарнага парку, купілі 13 адзінак тэхнікі, рамантуецца абсталяванне на малочна-таварных фермах. Але самае вялікае дасягненне - гэта пачатак будаўніцтва новага малочна-таварнага комплексу. Інвестыцыйны праект дасць новы імпульс развіццю нашага сельгаспрадпрыемства і раёна ў цэлым, - падкрэсліў у сваім дакладзе Аляксей Хахлоў.
Дырэктар ААТ "Праўда-С" таксама звярнуў увагу ў сваім выступленні на тую падтрымку, якую аказвае дзяржава сельскай гаспадарцы. У прыватнасці, ён адзначыў, што ў лістападзе 2024 года павысіліся закупачныя цэны на малако, дзякуючы дзяржбюджэту гаспадарка атрымала неабходныя мінеральныя ўгнаенні і гербіцыды, у прыватнасці глiфасаты. Важна і тое, што дзяржава своечасова і па цэнах вышэй за рыначныя разлічваецца за выкананы дзяржзаказ, гэта дае рэальны прыбытак сельгаспрадпрыемству.
- Вядома, ёсць у нас і праблемы, і недахопы ў рабоце. Так, напрыклад, нам неабходна паменшыць працэнт непрадукцыйнага выбыцця жывёлы, досыць востра ў нас, як і ва ўсім сельскай гаспадарцы, стаіць кадравае пытанне, неабходна задзейнічаць рэзервы ў пытанні забяспечанасці якаснымі кармамі. Будаўніцтва новага комплексу таксама запатрабуе вырашэння шэрагу задач: павелічэнне пасяўных плошчаў і аб'ёмаў нарыхтоўкі кармоў, падбор і навучанне кваліфікаваных спецыялістаў для работы на новым комплексе, разлікі па крэдытах на будаўніцтва МТК. Але, я ўпэўнены, што з усімі гэтымі пытаннямі мы паспяхова справімся, бо ў нашым калектыве ёсць тыя, на каго можна раўняцца, — звярнуў увагу Аляксей Хахлоў.
Таксама на сходзе з дакладамі выступілі галоўныя спецыялісты гаспадаркі. Так, галоўны аграном Алена Чачуева пазнаёміла прысутных з планамі па раслінаводстве.
- Пад ураджай 2025 года пасеяна 720 га азімай пшаніцы на зерне, 74 га — азімага жыта, 200 га — азімага ячменю. Азімых збожжавых на нарыхтоўку кармоў — 82 га, азімага рапсу — 240 га. Яравы клін складзе: збожжавыя і зернебабовыя — 330 га, рапс — 100 га, кукуруза — 300 га, шматгадовыя травы — 300 га, — распавяла Алена Чачуева і дадала, што ў 2025 годзе гаспадарка паставіла задачы атрымаць ураджай збожжа 4510 тон, насення рапсу — 570 тон, зарнофуражу — 1600 тон, сена — 340, сіласу — 9000, а сенажу — 8500 тон.
Старшыня райвыканкама Анатоль Лукашоў, падводзячы вынікі сходу, падкрэсліў, што ААТ "Праўда-С" забяспечыла поўную самаакупнасць, яно самастойна плануе і вызначае перспектывы развіцця і даказвае на працягу многіх гадоў, што тут працуюць адказныя, добрасумленныя і працавітыя людзі.
- Ваша сельгаспрадпрыемства - адзін з лідараў сельскагаспадарчай галіны раёна. Дзякуй усім працаўнікам, якія якасна выконваюць свае абавязкі. Вы гонар Дубровеншчыны, — сказаў кіраўнік Дубровенскага раёна.
За добрасумленную працу і вялікі асабісты ўклад у развіццё сельскагаспадарчай галіны дырэктар прадпрыемства Аляксей Хахлоў узнагароджаны Ганаровай граматай Дубровенскага райвыканкама.
Таксама ў гэты дзень на сходзе была зацверджана гадавая справаздача і справаздача рэвізійнай камісіі, прыняты бізнес-план на 2025 год, абраны склад Назіральнага савета таварыства.