predsedatel
Алег Аркадзьевіч Макарэвіч

Старшыня Дубровенскага раённага выканаўчага камітэта

Паважаныя сябры! Мы рады вітаць вас на нашым сайце, які дапаможа бліжэй пазнаёміцца ​​з нашым раёнам...

Рэжым работы
  • пн
  • вт
  • ср
  • чт
  • пт
  • сб
  • вс
8:00-13:00 | 14:00-17:00

Прыём зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб з 8.00

Пасяўная на Дубровеншчыне перасягнула экватар

02.05.2025

Пасяўная на Дубровеншчыне перасягнула экватар

Вясна — асаблівая і адказная пара для сельскіх працаўнікоў, бо нездарма кажуць: што пасееш, тое і пажнеш.

А пасяўная - гэта як закладка падмурка. Ад яе правядзення залежыць, вядома ж, шмат. На вынік уплывае пэўная колькасць фактараў. Аднак земляробы ведаюць сваю справу - папрацаваць давядзецца добранька. Тэмп і інтэнсіўнасць работ у раёне з кожным днём узрастаюць. І хоць нагрузка на сельгаспрадпрыемствы гэтымі днямі сапраўды вялікая і аб'ём работ значны, але ўсё робіцца для таго, каб завяршыць сяўбу ў тэрмін і на належным узроўні.

Згодна з аператыўнай інфармацыяй упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Дубровенскага райвыканкама, па стане на раніцу 22 красавіка ў раёне пасеяна 8986 га, або 44,8% ад плана. Лідзіруюць па тэмпу сяўбы аграрыі ААТ "Усход-Чырына" — 1032 га, або 51,1 працэнта ад плана. Найбольшую колькасць запланаваных плошчаў засеялі ў КУСГП імя Чарняхоўскага — 57,1%. У ААТ "Праўда-З" пачалі сяўбу яравога рапсу, на раніцу 22 красавіка засеяна 50 га.

Планамерна вядуцца работы па вясновым узворванні. З 5242 га запланаваных, узарана 3223 га, ці 60%. Лідзіруюць аграрыі СГФ ім. Ю. Смірнова - 978 га. Менавіта сюды мы і адправіліся, каб на свае вочы ўбачыць, якая яна пасяўная кампанія.

Рабочы дзень зараз у аграрыяў пачынаецца рана - у 6 гадзін раніцы ўжо планёрка, на якой прысутнічаюць начальнікі ўчасткаў і інжынеры сельгаспрадпрыемства. Заўважу, што ў СГФ ім. Ю. Смірнова шырокія ворныя землі, тэхніка для іх апрацоўкі засяроджана на мехдварах у в. Жабыкі, аг. Рэдзькі, аг. Станіславава. Таму механізатары, якія жывуць у гэтых населеных пунктах, у 6.10 ужо запраўляюць тэхніку, бяруць дарожныя лісты і адпраўляюцца на свае працоўныя месцы, а тых, хто жыве ў аг. Буда да месца прызначэння адвозяць машыны. Механізатары тут працуюць як адна вялікая дружная сям'я: арганізавана, зладжана, дакладна па графіку. Вясенне-палявы канвеер не спыняецца ні на хвіліну. Тэмп зададзены высокі, і адразу бачна, што ў полі прафесіяналы.

На перадавой у гэтыя дні, разам з механізатарамі і Сяргей Нікіцін, дырэктар СГФ імя Ю. Смірнова. Ён усё трымае пад асабістым кантролем, штодня сочыць за ходам работ, аб'язджае палі, а таксама стараецца аператыўна вырашаць узнікаючыя пытанні.


У дзень свайго прыезду мы пабывалі на вытворчым участку ў аг. Станіславава. У насенным складзе ішла загрузка насення. Людзі і тэхніка — важнае звяно пасяўной, але без добрага і якаснага насення ўраджай не атрымаць. У гэтым упэўнена галоўны аграном сельгаспрадпрыемства Вольга Трапкова. Мы заспелі яе ў насенным складзе.

- Насенне ў нас захоўваюцца тут і ў аг. Буда. Цяпер, на полі каля в. Чубакова, 100 га засяваюць элітным насеннем пшаніцы, гатунак "Вестачка-17", беларускай селекцыі, - кажа Вольга Сяргееўна, - авёс, які ляжыць тут, мы змяшаем з гарохам і пасеем каля вёскі Шухаўцы (на момант выхаду артыкула гэтая задача ўжо выканана).


На гадзінніку 6.40, а механізатары ўжо на месцы. Нібы па чорным дыване пачынаюць свой рух трактары па полі. Каля в. Свіракі на МТЗ-3522 з плугамі працуе Арцём Саратокін. Малады механізатар не па чутках ведае, што праца аграрыя складаная, але важная.

- Глеба на полі вільготная, адбіваецца блізкасць возера. У некаторых месцах яшчэ стаіць вада, таму трактар ​​ідзе нялёгка, у дзень атрымоўваецца ўзараць па 15 га, - кажа механізатар. - Цяпер, пакуль дазваляе надвор'е, працуем да васьмі гадзін вечара. Бо вясновы дзень год корміць.

Сяргей Нікіцін расказвае, што летась на гэтым полі была кукуруза, удалося сабраць нядрэнны ўраджай, а сёлета тут будуць пасеяны травы.

Перамяшчаемся крыху далей, і вось мы ўжо на полі каля в. Чубакова. Пыл стаіць слупам, зямля ўжо нібы пух. Тут на перадпасяўной апрацоўцы глебы працуюць Міхаіл Марэцкі і Сяргей Любавіцкі.


- Працую ўжо не першы год, таму да такога тэмпу прывык. А што рабіць, трэба паспець у аптымальныя тэрміны падрыхтаваць глебу да сяўбы, - кажа Сяргей Любавіцкі.

Крыху наводдаль працуе Васіль Васілёнак на МТЗ 3522 з сеялкай, загружае яе бункер Генадзь Грышко, які аператыўна дастаўляе насенне са склада.

Дырэктар сельгаспрадпрыемства гаворыць, што механізатары тут надзейныя і працавітыя.


- Тэхніка і людзі не змяншаюць тэмп. Ажыццяўляюць культывацыю, дыскаванне, зачыняюць вільгаць, уносяць угнаенні і прыступаюць да сяўбы. Вясновая пасяўная кампанія павінна праводзіцца не толькі хутка, але і якасна. Агранамічная служба сочыць, каб выконвалася тэхналогія сяўбы, у залежнасці ад поля і насення, - адзначае Сяргей Мікалаевіч.

Вось так неўзаметку праляцела паўдня. Прама ў поле даставілі абеды. Усе работнікі забяспечаны паўнацэнным гарачым харчаваннем: першае, другое і кампот, а на вячэру выдаецца сухпаёк.

Паабедаўшы, і крыху адпачыўшы, усе вяртаюцца да працы, бо сёлета аграрыям трэба будзе пасеяць 3498 га, а гэта самая вялікая плошча сярод сельгаспрадпрыемстваў раёна.

У 19 гадзін на мехдвары збіраюцца начальнікі ўчасткаў і інжынеры, на чале з дырэктарам, абмяркоўваюць, што зроблена за дзень, абазначаюць планы на заўтра, вырашаюць неадкладныя задачы па рамонце, усё для таго каб заўтра раніцай без паравалок пачаць новы дзень — пасяўная ж не чакае.

dubrovno.by