predsedatel
Алег Аркадзьевіч Макарэвіч

Старшыня Дубровенскага раённага выканаўчага камітэта

Паважаныя сябры! Мы рады вітаць вас на нашым сайце, які дапаможа бліжэй пазнаёміцца ​​з нашым раёнам...

Рэжым работы
  • пн
  • вт
  • ср
  • чт
  • пт
  • сб
  • вс
8:00-13:00 | 14:00-17:00

Прыём зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб з 8.00

Да зямлі — з любоўю, да працы — з адказнасцю

01.06.2026

Да зямлі — з любоўю, да працы — з адказнасцю

У палявых работах важны кожны - ад вопытнага спецыяліста да маладога механізатара - усе яны працуюць на агульны вынік. А кантралюючая функцыя ляжыць на работніках упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама. Заспець у кабінеце іх практычна немагчыма. Але карэспандэнту "Дняпроўскай праўды" ўдалося разам з намеснікам начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Дубровенскага райвыканкама Валерыем Мельнікам праехаць па палях раёна ў гэтыя гарачыя вясновыя дні.

— Рапсавыя азімыя палі ў гэтым годзе проста любата. Гэтай культуры восенню ў раёне было пасеяна 4072 гектары. Каля 2% дрэнна перазімавалі. Гэта даволі-такі нізкі працэнт, таму ўраджай чакаем добры, — звяртае ўвагу Валерый Мікалаевіч.

Добрыя віды на ўраджай пацвярджае і поле на выездзе з горада Дуброўна ў бок в. Цілівічы агульнай плошчай 76 гектараў, якое мы наведалі першым. У прыватнасці, у ААТ "Праўда-С" азімага рапсу пасеяна 240 га. Цяпер — самы разгар цвіцення. Яркі насычана-жоўты колер, вышыня раслін і кушчэнне — усе паказчыкі ў норме, адзначае Валерый Мельнік. Наступны пункт у нашым маршруце  — СФГ "Жнівеньскае". Спецыялізуецца гаспадарка на розных культурах. Акрамя традыцыйных для раёна ячменю і рапсу вырошчваюць буракі, гарох, бульбу. Аграном сялянска-фермерскай гаспадаркі Аляксандр Барташ сустрэў нас за в. Чырвоная Слабада па дарозе на Расасна. Тут з аднаго боку — усходы яравога рапсу, з другога пасеяны гарох.

— Агульная плошча нашых зямель каля 2000 гектараў: азімыя збожжавыя займаюць 590 гектараў, азімы рапс — 100 гектараў. Увесну пасеялі 200 гектараў яравога рапсу, гароху — 75, буракоў — 220 і 20 гектараў бульбы. Таксама мы вырошчваем насеннікі шматгадовых траў. Гэта таксама прыбытковая справа. Мы выкарыстоўваем розныя культуры. Па-першае, гэта спрыяе севазвароту, а па — другое, так мы мінімізуем рызыкі магчымых страт і залежнасці ад умоў надвор'я, — распавёў аграном Аляксандр Яўгенавіч.


Пакуль мы размаўлялі, на палі праверыць стан усходаў прыехаў і галоўны аграном СФГ Ілля Замрын. Ён далучыўся да размовы спецыялістаў.

— Апрацоўка ўсходаў з'яўляецца важным складнікам добрага ўраджаю. Вось па зернебабовых (гарох) хімпраполку ад пустазелля выканалі своечасова, займаемся цяпер яравой пшаніцай. Першачарговыя аперацыі: ростарэгуляцыя і гербіцыдная апрацоўка. Далей фунгіцыдныя (дзве стадыі) і інсектыцыдныя апрацоўкі. Вельмі важна не выпусціць час, калі з'яўляюцца шкоднікі — блыха або моль. Гэтыя казуркі могуць па 5-6 пакаленняў за сезон вывесці. Калі своечасова не апрацаваць, увесь ураджай можна страціць, — адзначыў Ілля Аляксеевіч.

Далей мы паехалі на палі каля вёскі Фясеўка, дзе ў фазе каласавання ўжо знаходзіўся азімы ячмень на плошчы 87 гектараў. Аграномы СФГ "Жнівеньскае" акуратна ўвайшлі ў поле, агледзелі сцябло ячменю ад кораня, таму што здароўе расліны залежыць ад стану прыкаранёвага ствала. Пераканаўшыся, што пасевы здаровыя, Ілля Замрын акуратна і нават з некаторай пяшчотай правёў рукой па пачаўшых налівацца каласах, ласкава і з любоўю ў думках звярнуўшыся да ўсходаў: "Расцiце здаровымі, моцнымі, і хай сонца і вільгаць даюць вам сілу".

У гэты дзень мы яшчэ пабывалі на некалькіх палях раёна. Каля в. Янкоўшчына даведаліся, як пчолы дапамагаюць сельскай гаспадарцы, паглядзелі на ўсходы буракоў каля Баброва, а таксама даведаліся, у якім стане насеннікі траў. Вяртаючыся ўвечары з аб'езду, Валерый Мельнік адзначыў, што агранамічная служба — найважнейшая структура любога сельгаспрадпрыемства.

— Іх кабінет — поле, а праца ўключае ў сябе шырокі спектр: ад падрыхтоўкі зямель да пасадкі, кантролю пасеву палявых культур, распрацоўцы і ўкараненні тэхналогій па барацьбе са шкоднікамі, хваробамі раслін і пустазеллямі да адсочвання выканання работ па зборы, транспарціроўцы і захоўванню сабранага ўраджаю. Менавіта такія спецыялісты працуюць на Дубровеншчыне. Дзякуючы іх працы земляробства ўсё больш станавіцца перспектыўным і запатрабаваным напрамкам для маладых людзей. Прыемна, што ў многіх гаспадарках дасведчаным работнікам ёсць каму перадаваць свае веды, — адзначыў Валерый Мікалаевіч.

dubrovno.by