Меню
Старшыня Дубровенскага раённага выканаўчага камітэта
dubrovno_rik@vitobl.by
для деловой переписки
Прыём зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб з 8.00
17.04.2025
Дубровенцы наведалі канцэрт-рэквіем "Кожны трэці"
Па даручэнні Прэзідэнта ў Палацы Рэспублікі праходзіць серыя канцэртаў-рэквіемаў "Кожны трэці".
Праект ствараўся да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, зараз ён маштабаваны на ўсе рэгіёны краіны. Так, 7 красавіка ў Палацы Рэспублікі пабывала дэлегацыя Віцебскай вобласці, больш за дзве тысячы чалавек, у тым ліку і дубровенцы.
Гэты ўнікальны праект уяўляе сабой аповед пра лёсы простых людзей, сінтэз новых песень аб вайне і Перамозе і ўнікальных кадраў хронікі, гістарычных фактаў.
У гэтым годзе арганізатары прапанавалі яшчэ да пачатку канцэрта пазнаёміцца з некалькімі выставамі. Некаторыя з іх беларусам ужо добра знаёмы. Напрыклад, фотавыстава "Лёсы, складзеныя ў трыкутнік" - сумесны патрыятычны праект БЕЛТА і Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Словы, якія байцы адрасавалі сваім родным дадому, сёння кідаюць у дрыготку.
Побач з выставай працавала палявая пошта. Прагледзеўшы экспазіцыю, кожны мог абсалютна бясплатна напісаць ліст у любую кропку Беларусі. Жадаючых зрабіць гэта было вельмі шмат. Пісалі родным і блізкім, многія віншавалі з надыходзячым Днём Перамогі.
- Салдацкія трыкутнікі - неад'емны сімвал вайны і надзеі. Яны з'явіліся, калі ўжо ў ліпені 1941-го скончыліся звычайныя канверты. А лістоў чакалі родныя. Кожны такі ліст з фронту азначаў толькі адно, што чалавек жывы, - адзначыла намеснік старшыні Дубровенскага райвыканкама Святлана Рыжанская. - Арганізатары далі нам магчымасць напісаць такі ліст у любую кропку Беларусі.
Вельмі важна перадаваць такія сімвалы Перамогі з пакалення ў пакаленне. Калі мы не будзем памятаць гэтыя падзеі, то і нашыя дзеці не будуць гэтага ведаць і памятаць. А значыць такое можа паўтарыцца.
У фае размясцілі і іншыя выставы: "Подзвігі і лёсы партызан у дакументах", "Генацыд: дакументы і відавочцы сведчаць", "Хлеб - нябачная сіла Перамогі", "За дзень наступны ўсяе зямлі".
Канцэрт-рэквіем "Кожны трэці" сабраў гледачоў, каб з галоўнай сцэны краіны ўспомніць тых, каму мы абавязаны ні многа ні мала - жыццём і будучыняй.
Вітаючы са сцэны землякоў, старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін нагадаў, наколькі тэма Вялікай Айчыннай вайны блізкая кожнаму беларусу.
- 80 гадоў прайшло, і, нягледзячы на такі працяглы часавы адрэзак, мы з кожным годам усё вастрэй адчуваем гістарычную значнасць гэтай даты і яе сакральную важнасць для ўсіх нас, - сказаў кіраўнік рэгіёну, падкрэсліўшы, што Віцебская вобласць дарагой цаной заплаціла за Перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне. - Ва ўсе гады акупацыі - з 1941-га па 1944-ы, нягледзячы на беспрэцэдэнтны ціск, карныя аперацыi, іх неапісальную жорсткасць, сотні спаленых вёсак, на нашай зямлі быў адзін з самых магутных падпольных і партызанскіх рухаў. Упэўнены, усе ведаюць такія імёны, як Бацька Мінай, Заслонаў, Харужая, Зянькова. І вядома ж, у 1944 годзе, калі наша зямля была вызвалена дзякуючы аперацыі "Баграціён", мы атрымалі імёны яшчэ сотняў герояў, якія вызвалялі нашу зямлю. Цяпер у нас 107 ветэранаў. Вялікі дзякуй ім за іх ратны подзвіг, працу па аднаўленні нашай краіны. Іх подзвіг не мае тэрміна даўнасці, яны з'яўляюцца жывым прыкладам, як трэба самаахвярна служыць Радзіме, паказчыкам духоўнага здароўя нашай нацыі. Азіраючыся назад, мы разумеем, што толькі разам, аб'яднаўшыся, савецкі народ перамог карычневую чуму, адзіным строем мы аднавілі нашу краіну. І мы разумеем, што толькі разам мы змаглі пабудаваць сучасную Беларусь і толькі разам зможам далей ствараць, супрацьстаяць усім выклікам, пошасцям і перадаць усё дасягнутае нашым дзецям і ўнукам, - адзначыў Аляксандр Субоцін.
Арганізатары не аднойчы адзначалі, што "Кожны трэці" не проста канцэрт. Гэта, хутчэй, тэатральная пастаноўка.
Некаторыя гледачы пасля канцэрта-рэквіема сыходзілі моўчкі, іншыя адмаўляліся штосьці каментаваць, выціраючы слёзы, а трэція знайшлі ў сабе сілы і падзяліліся ўражаннямі.
— Гэта не проста канцэрт, у ім глыбокая трагічная драматургія. Тут ёсць персанажы, трансфармацыя якіх адбываецца на працягу ўсяго дзеяння, і ў канцы становіцца зразумела, каго яны прадстаўляюць, кожнага ў зале кранула да глыбіні душы гэтае мерапрыемства.
Для беларусаў вайна — незагойная рана. Таму любое мерапрыемства, прысвечанае гэтай тэме, рыхтуюць асабліва адказна.