Меню
Старшыня Дубровенскага раённага выканаўчага камітэта
dubrovno_rik@vitobl.by
для деловой переписки
Прыём зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб з 8.00
23.07.2025
Дубровенка стала ўдзельніцай праекта "Цягнік Памяці"
Культурна-адукацыйны праект "Цягнік Памяці" афіцыйна завяршыў сваю работу: унікальны састаў быў адпраўлены ў дэпо, а ўдзельнікі раз'ехаліся па сваіх гарадах і краінах, стаўшы пасламі памяці.
Арганізатары падлічылі, што за два тыдні цягнік наведаў 15 гарадоў і праехаў 8730 кіламетраў. За гэты час пасажыры выпілі 11 990 бутэлек вады, з'елі 4730 булачак і запісалі 3233 відэапрыветаннi. Цяжка нават уявіць, колькі фатаграфій было зроблена на асабістыя тэлефоны. Сярод 200 удзельнікаў праекта, нашчадкаў пераможцаў, прадстаўнікоў народаў пятнаццаці рэспублік былога Савецкага Саюза, - дубровенка Паліна Кручкова. Навучэнка Асінторфскай школы падзялілася з карэспандэнтам газеты сваімі эмоцыямі і ўражаннямі.
— Раскажы, як атрымалася трапiць у маштабны праект?
— Спачатку я, як і кожны ўдзельнік, праходзіла адборачныя этапы: школьны, раённы, абласны і рэспубліканскі. Падрыхтавала эсэ, партфоліо і візітную картку. Мая работа была высока ацэнена. Думаю, мне дапамагло тое, што я ўдзельнічаю ў розных конкурсах, акцыях патрыятычнай накіраванасці, і з'яўляюся актывістам школы, арганізую мерапрыемствы, накіраваныя на добраўпарадкаванне малой радзімы, валанцёрскія праекты. Штуршок да ўдзелу менавіта ў гэтым праекце даў вопыт мінулай удзельніцы Каці Кубраковай, і, вядома, наш настаўнік Алена Васільеўна Кунец. Я загарэлася жаданнем паўдзельнічаць у гэтым праекце і атрымаць незабыўныя эмоцыі і ўражанні на ўсё жыццё.
— Якія пачуцці ты адчула, калі даведалася пра перамогу ў праекце?
— Я была вельмі рада таму, што змагла ўвайсці ў лік тых хлопцаў, якія трапілі на "Цягнік Памяці". І да апошняга не верыла, што ўсё гэта здарылася са мной.

— У якіх месцах вы пабывалі за час руху цягніка?
— За час паездкі мы наведаем дзясяткі месцаў, звязаных з Вялікай Айчыннай вайной. Гэта і Хатынь, і Брэсцкая крэпасць, Мамаеў курган і Піскароўскія могілкі, мемарыяльны комплекс Чырвоны Бераг і мноства іншых знакавых аб'ектаў. Я даведалася, што ў Саюзнай дзяржаве налічваецца каля 90 тыс. месцаў ратнай славы і народнай памяці, і кожнае з іх гаворыць з намі на мове сэрца.
— Што запомнілася за гэтыя дні больш за ўсё?
— Самым запамінальным момантам на праекце стала ваенна-гістарычная рэканструкцыя ў Брэсце. Бо менавіта яна змагла перадаць атмасферу тых страшных падзей у гады Вялікай Айчыннай вайны. Больш за 600 людзей узнавілі на досвітку 22 чэрвеня трагічныя і гераічныя эпізоды абароны Брэсцкай крэпасці. Гэта было магутна і кранула да глыбіні душы.
— Як паездка змяніла тваё стаўленне да гісторыі і памяці пра мінулае?
— Аб'ездзіўшы немалую колькасць родаў і наведаўшы шмат мемарыяльных комплексаў, разумееш, як цяжка было заваяваць перамогу. Але дзякуючы мужнасці, сіле духу і міжнацыянальнай згуртаванасці наш народ змог адстаяць незалежнасць. Мы павінны гэтым ганарыцца, пранесці праз усё жыццё памяць пра мінулае і ніколі не забываць пра тую страшную вайну.

— Чаму, на твой погляд, важна захоўваць памяць пра такія гістарычныя падзеі?
— Сёння некаторыя спрабуюць перапісаць гісторыю, але мы не павінны гэтага дапусціць, бо ў адзінстве наша сіла і праўда. А праект "Цягнік Памяці" дапамагае ўцягнуць моладзь у вывучэнне і адстойванне гістарычнай праўды. Наведванне такіх месцаў дазваляе лепш адчуць сувязь пакаленняў. І сёлета праект меў асаблівае значэнне, бо праходзіў ён у год 80-годдзя Вялікай Перамогі.
— У чым сакрэт поспеху навучэнцаў Асiнторфскай школы, бо вам у другі раз атрымоўваецца трапіць у праект?
— Сапраўды, ужо не першы год навучэнцы Асінторфскай сярэдняй школы ўдзельнічаюць у гэтым выдатным праекце. Мы рыхтуемся да розных конкурсаў і мерапрыемстваў, вывучаем гісторыю нашага краю і ўсёй Беларусі. Гэтым мы пацвярджаем высокае званне школы Мiру. Бо заслужыць такое званне трэба не проста словамі, але і канкрэтнымі справамі. Лічу, што такія праекты, як "Цягнік Памяці", адыгрывае важную ролю ў выхаванні маладога пакалення, аб'яднаннi краін-удзельніц былога СССР і захаванні праўды пра вайну, што асабліва актуальна ў год 80-годдзя Перамогі, - падзялілася меркаваннем Паліна Кручкова.
Маргарыта Сычова, студэнтка журфака БДУ