Меню
Старшыня Дубровенскага раённага выканаўчага камітэта
dubrovno_rik@vitobl.by
для деловой переписки
Прыём зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб з 8.00
04.04.2025
Сябруем дзяржавамі, ствараем сем'і ад Магадана да Лядаў
Жыхары бліжэйшых да мяжы расійскіх вёсак калісьці хадзілі вучыцца ў школу ў аг. Ляды Дубровенскага раёна.
Дагэтуль з Краснінскага раёна нярэдка ездзяць у царкву ў Лядах, каб браць шлюб або хрысціць дзяцей. Міжнародных сем'яў на тэрыторыі двух дружалюбных рэгіёнаў – не злічыць. Адна з іх - пара Пузыровых (на здымку ўверсе).
Наталля - ураджэнка в. Чарнышы Краснінскага раёна, Міхаіл - ляднянскі хлопец. Пазнаёміліся яны на танцах у расійскай вёсцы Грабені.
- Мяжа паміж нашымі населенымі пунктамі была ўмоўнай. Наша моладзь цесна размаўляла, мы сябравалі, хадзілі адзін да аднаго ў госці, наведвалі канцэрты, дыскатэкі. Я тады была студэнткай Смаленскага дзяржаўнага ўніверсітэта, Міша пасля службы ў войску працаваў кіроўцам у родным калгасе, — успамінае гісторыю стварэння сям'і Наталля. - Вяселля ў нас было два - у доме маіх бацькоў і Міхаіла. Распісаліся ў Дуброўне. Пакуль я вучылася, жылі таксама фактычна на два дамы. Дзве нашых дачкі, якія нарадзіліся ў Расіі, - грамадзянкі Беларусі, вучыліся ў школе ў Лядах. Пасля таго, як гаспадарка, дзе працаваў муж, пабудавала для нас дом, пераехалі ў Ляды канчаткова. У Расіі ў нас шмат сваякоў, якія з задавальненнем прыязджаюць да нас у госці, мы наведваем іх. Межаў і адлегласцяў мы не адчуваем. Бо галоўнае - не нацыянальнасць, а любоў да зямлі, на якой жывеш.
У г. Дуброўна стварыла сям'ю і набыла другую радзіму жыхарка райцэнтра Аксана Петрыкава. Разам з бацькамі яна пераехала ў горад на Дняпры з Магаданскай вобласці ў 1986 годзе.
- Жыццё на поўначы заўсёды было суровым і бацькі шукалі маляўнічае месца з прыдатным кліматам. Акрамя таго, важным момантам была наяўнасць жылля. Пісалі па ўсіх рэгіёнах былога Савецкага Саюза. Прыйшоў ліст з Дуброўна, тут будаваўся першы кааператыўны дом і нам вылучалі кватэру. Вось так і выйшла, што 10-ы клас я заканчвала ўжо ў школе №2 г. Дуброўна. Першыя мае ўражанні ад краіны і раёна - захапленне. Прыродай, людзьмі, наяўнасцю тых прадуктаў у магазінах, якіх у нас на поўначы тады не было. У Крупскім раёне, куды патрапіла па размеркаванні пасля заканчэння педвучылішча ў Барысаве, сустрэла свайго будучага мужа. Разам пераехалі ў Дуброўну, да маіх бацькоў. Тут у нас нарадзіўся сын, тут я здабыла шчасце (на здымку ўнізе). Я лічу сябе паўнапраўнай беларускай. Думаю, у мільёнах беларуска-расійскіх сем'яў працуюць тыя ж законы, што і ў саюзе дзвюх дзяржаў - здольнасць слухаць і чуць, падтрымаць у няпростую хвіліну і, узяўшыся за рукі, разам пераадольваць цяжкасці. Мы аднолькава шануем шматвяковыя традыцыі, брацкія адносіны, захоўваем гістарычную памяць і сямейныя каштоўнасці.