Меню
Старшыня Дубровенскага раённага выканаўчага камітэта
dubrovno_rik@vitobl.by
для деловой переписки
Прыём зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб з 8.00
07.07.2021
На выязным пасяджэнні Савета Рэспублікі ў Полацку разгледзелі пытанні аздараўлення нацыі
На выязным пасяджэнні
Прэзідыума Савета Рэспублікі ў Полацку сенатары, свяшчэннаслужыцелі і кіраўнікі
розных міністэрстваў абмеркавалі праблему алкагалізму ў грамадстве і намецілі напрамкі
сумеснай работы ў пытанні клопату аб здароўі нацыі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
На выязным пасяджэнні
прысутнічалі старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава, сенатары, у тым ліку з
Полацка і Наваполацка, прадстаўнікі абласной і раённай улады, міністэрстваў, духавенства,
у тым ліку з Расіі. Чырвонай ніткай абмеркавання ў час пасяджэння праходзіла думка,
што над глабальнай праблемай п'янства і прафілактыкі алкагалізму трэба працаваць
разам. "Мы зможам даведацца аб вопыце прадстаўнікоў Рускай праваслаўнай царквы
ў абароне насельніцтва ад алкагалізму, азнаёміцца з вопытам рэгіёнаў Беларусі і
выпрацуем міжведамасную канцэпцыю па прафілактыцы алкагалізму", - перад пачаткам
пасяджэння заявіла Наталля Качанава.
Яна дадала, што
важным аспектам з'яўляецца грамадска-дзяржаўнае партнёрства з царквой у
вырашэнні няпростай праблемы. "Гэта праблема мае сур'ёзныя наступствы:
амаль усе злачынствы ўчыняюцца ў стане алкагольнага ап'янення. Не толькі
Беларуская праваслаўная царква, але і іншыя канфесіі далучыліся да гэтай тэмы.
Дзяржава робіць шмат для ўмацавання здароўя грамадзян. У нас у краіне
адкрываюцца рэабілітацыйныя цэнтры, займаюцца прафілактыкай і лячэннем залежных
ад алкаголю. Але трэба падключацца на этапах, калі ёсць магчымасць дапамагчы
чалавеку, таму што залежнасць ад моцных напіткаў - гэта рыса, з-за якой
чалавека няпроста вярнуць", - адзначыла старшыня Савета Рэспублікі.
Мітрапаліт Мінскі і
Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі ў сваім выступленні прывёў
словы Антонія Сурожскага, які параўноўваў чалавека з абразом, які можа
зацямніцца ад заганаў. І ачысціць, аднавіць яго можна толькі ачысціўшыся
духоўна. "Алкагалізм скажае вобраз бога ў душы. У рэабілітацыйных
праграмах для залежных ад алкаголю заўсёды прысутнічае духоўны складнік.
Пастырскае слова і медыцынскае лячэнне даюць відавочны вынік. Трэба адзначыць,
што шкода ад аднаго чалавека, які п'е, закранае мінімум 9-10 чалавек з яго
акружэння. П'янства - гэта не толькі цялесная, але і сацыяльная хвароба. Таму
для выратавання душы чалавека, грамадзяніна краіны трэба аб'ядноўвацца", -
падкрэсліў уладыка.
Мітрапаліт Пскоўскі і
Порхаўскі Ціхан расказаў аб прыкладзе так званай неназойлівай антыалкагольнай
кампаніі ў Расіі. "Задача царквы ў вырашэнні гэтай праблемы - прафілактыка.
У Расіі ўжыванне алкаголю як дарослымі, так і падлеткамі і дзецьмі было
асаблівай праблемай. Узровень спажывання этылавага спірту на душу насельніцтва,
паводле даных СААЗ, у 2009 годзе складаў 15 л. Свяшчэннаслужыцелі актыўна
падключыліся да вырашэння гэтай праблемы і прымалі ўдзел у змяненні некаторых
законаў па рэалізацыі алкагольнай прадукцыі: у расійскіх гарадах увялі
абмежаванні па продажах і забарону на водпуск алкаголю пасля 22.00. Таксама для
прадухілення п'янства сярод моладзі быў забаронены продаж энергетычных
напіткаў, якія змяшчаюць алкаголь", - расказаў мітрапаліт.
Ён таксама адзначыў,
што ў Расіі піва прыраўнавана да алкагольнай прадукцыі, і на яго рэалізацыю
распаўсюджваюцца тыя ж правілы. На расійскім тэлебачанні ўведзена забарона на
рэкламу алкагольных напіткаў. Такія меры садзейнічалі зніжэнню спажывання
алкаголю сярод дарослых, моладзі і падлеткаў, колькасці злачынстваў, учыненых у
стане алкагольнага ап'янення, суіцыдаў.
Па лініі праваахоўных
органаў праблема п'янства ў нашай краіне таксама адсочваецца пастаянна.
"За апошнія гады культура піцця змянілася, але праблема злоўжывання
спіртнымі напіткамі нікуды не дзелася. Большасць злачынстваў грамадзяне
ўчыняюць у стане алкагольнага ап'янення. Праваахоўныя органы ўдзяляюць павышаную
ўвагу сем'ям, дзе хаця б адзін раз быў зафіксаваны выпадак насілля або пагрозы
насілля з боку чалавека, які п'е. У прафілактыцы п'янства цяпер мала
задзейнічаны працоўныя калектывы, у той час як на рабочым месцы чалавек, які
выпіў, уяўляе непасрэдную пагрозу сабе і калегам. Таму ролю працоўных
калектываў трэба ўзмацніць", - расказаў міністр МУС Беларусі Іван
Кубракоў.
Міністр аховы здароўя
Дзмітрый Піневіч акцэнтаваў увагу на тым, што алкагалізм непасрэдна ўплывае на
нацбяспеку ў краіне: грамадзяне, якія злоўжываюць спіртным, не могуць быць
носьбітамі здаровага генафонду і часцей за іншых схільны да цяжкіх
захворванняў, ідуць з жыцця ў працаздольным узросце. "У нашай краіне
пераважае паўночная мадэль ужывання алкаголю, для якой характэрна цяга да моцных
напіткаў, якія людзі п'юць за кароткі час - прыклад прывычных для многіх
застолляў. У Беларусі, паводле статыстычных даных, рэгіструецца рост ужывання
алкаголю на душу насельніцтва ў катэгорыі 15+, і ў 2020 годзе ён складаў 10,8 л
на чалавека. Тым не менш ужыванне алкаголю сярод моладзі знізілася,
падрастаючае пакаленне стала больш арыентавацца на захаванне здароўя. Таксама
зменшылася колькасць грамадзян, якія знаходзяцца на дыспансерным уліку як
алказалежныя , у тым ліку жанчын", - адзначыў міністр аховы здароўя
Дзмітрый Піневіч.
Праблему п'янства
разгледзелі і з пазіцыі адукацыі. Прафілактыцы алкагалізму і нарказалежнасці ў
школах, ССНУ і ВНУ заўсёды ўдзяляецца вялікая ўвага і наладжана эфектыўная
сістэма міжведамаснага ўзаемадзеяння. У тым ліку ў школы запрашаюць
свяшчэннаслужыцеляў для духоўнай размовы аб шкодзе спіртных напіткаў. "Да
праекта "Бацькоўскія ўніверсітэты", якія мы праводзім у школах для
мам і тат, маглі б падключыцца і прадстаўнікі царквы", - прапанаваў яшчэ
адну форму супрацоўніцтва міністр адукацыі Ігар Карпенка.
Ён дадаў, што
алкагалізм сярод дарослых выклікае такую з'яву, як сацыяльнае сіроцтва, калі
дзяцей забіраюць з сем'яў, у якіх адзін або два бацькі злоўжываюць спіртным. На
пачатак года ў Беларусі налічвалася крыху больш за 18 тыс. сірот, большасць з
якіх адносяцца да катэгорыі сацыяльных. Дзяржава пры гэтым бярэ дзяцей пад сваю
апеку і клапоціцца аб іх да вяртання ў біялагічныя сем'і або ўладкавання ў
замяшчальныя сем'і.
"Ідэя
правядзення такога пасяджэння ўзнікла ў час правядзення Прэзідэнтам нарады ў
Жыровіцкім манастыры па ўзаемадзеянні з Беларускай праваслаўнай царквой. Тэма
актуальная, для нас важна, каб нацыя была здаровай. Здаровы чалавек - гэта
галоўнае багацце дзяржавы. Гэтай праблемай трэба займацца разам: дзяржаўным
органам, грамадскім арганізацыям, працоўным калектывам. П'яны чалавек - больш
кіруемы, ён можа пайсці супраць сваёй сям'і і супраць народа. Таму ў сумеснай
рабоце па абароне ад алкагалізму не павінна быць абыякавасці. Улада і
духавенства даўно і паспяхова супрацоўнічаюць у пытаннях выхавання здаровага
грамадзяніна. І праведзенае пасяджэнне надасць чарговы імпульс для таго, каб мы
паглядзелі на гэту праблему з розных бакоў: адукацыі, сем'яў, кіраўнікоў
прадпрыемстваў", - падвяла вынік Наталля Качанава.